Читать «Аліва і меч» онлайн
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Уладзімір Караткевіч
Аліва і меч
І
Над горадам у клубах пылу адгучэла жудаснае "даеш!" і ў ляску капытоў пакацілася на захад.
I стала цішыня.
Палкі біліся недзе ўжо каля Баранавіч, хадзілі ў штыкавыя атакі, з боем бралі ў Белавежы паляўнічы царскі палац, а тут сядзеў на тумбе паважны пузаты хлапчук і засяроджана аддзіраў казырок ад рассечанай канфедэраткі: прымяраўся, што можна з яго зрабіць.
Сляпіла сонца. На белыя муры сабораў і касцёлаў балюча было глядзець, і беспрычынна вясёлая каза абдзірала з мура тысячны ўказ. Абывацель і глядзець не хацеў, што там пісана, якая ўлада пагражала і заахвочвала. Немцы былі, палякі былі — халера на іх усіх. А храмы Божыя ўсе руйнавалі і спустошвалі. То пагром, то расстрэл, то кучы на цвінтары, ды яшчэ такія вялікія.
Апошнія часы прыходзілі.
Арсень Воўкаў скочыў з тачанкі, якая спынілася перад будынкам рэўкома, неасцярожна стаў на правую нагу і зморшчыўся. Кульгаючы, патэпаў да дзвярэй.
У вестыбюлі на пашчапаным паркеце стаялі ў козлах вінтоўкі, сядзелі і ляжалі людзі. Матросік з яснымі вачыма сядзеў ля дзвярэй у калідор і метадычна, з зайздроснай трапнасцю пляваў на жалезны ліст пад печкай. Зусім ашалеў ад нудзьгі чалавек.
— Гэй, браток, як мне тут да таварыша Кандратовіча? — сказаў Арсень.
— Мандат? — напаўзапытальна працягнуў матросік.
— Вось ён.
Матросік пажвавеў.
— Бач ты, з фронту, значыць? Ідзі вось калідорам. Там зала.
У зале Арсеня аглушыў кулямётны трэск рэмінгтонаў, гоман людзей, мітусяніна. Урыўкі тэлеграфных стужак блыталіся пад нагамі. Нехта крычаў надарваным голасам:
— Што вы мне паперкі пад нос торкаеце? Няма зброі і няма.
I ў адказ такім самым голасам:
— Ты маўчы. Ты мне контррэвалюцыю не разводзь, грамадзянін. Наша, 79-я, беларуская, голымі рукамі ваюе. Мы пад Свіслаччу штыкамі іх размалацілі, генерала ў палон узялі. Маеш ты рэвалюцыйнае сумленне?! Давай зброю!
— Ты ў Даўгялы быў?
— Пяты ў яго кароткія, у твайго Даўгялы, а надзімаецца, быццам ён самога Скірмунта байструк… Бюракрат паршывы!
Арсень усміхнуўся. Зброі няма, але гэты даб'ецца. Зубастага паслалі.
— Дзе тут Кандратовіч? — спытаў у нейкага салдата.
— Унь за сталом сядзіць. Ты пачакай. Яго зараз нашы хлопцы абселі. Зброя патрэбна.
Непадалёку ад стала вядомы ўсяму гораду маляр-жывапісец Піня Райхер, загрунтаваўшы напалову партрэт Кацярыны Другой, маляваў з нейкай паперкі Маркса. Імператрыца какетліва ўсміхнулася паўзверх Марксавай сівізны. Піня адарваўся ад працы і, павярнуўшыся да нейкага з гледачоў, вырашыў:
— Два атрымаецца.
— Угу. Баба была гладкая і матар'ялу на партрэт не шкадавала.
Арсеню ледзь удалося перачакаць людзей, што абступілі Кандратовічаў стол. Нарэшце тыя адступілі, і Воўкаў пабачыў мажнага, вельмі сівога мужчыну з маладым шырокім тварам. Перад ім, на зярцале, вісела будзёнаўка. Чырвоныя павекі навісалі на вочы цяжка і стомлена. Пабачыўшы цень, які лёг на стол, чалавек з сілаю правёў далонню па твары, быццам умыўся, і спытаў перасеўшым голасам:
— Адкуль, таварыш?
— Памочнік камандзіра палка беларускай брыгады шаснаццатай арміі Арсень Воўкаў… Вось мандат.