Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 9
Аляксандр Гужалоўскі
Яшчэ больш складанымі былі ўмовы пасляваеннага жыцця ў беларускай вёсцы. Сельская гаспадарка выйшла з вайны вельмі аслабленай, з падарванай матэрыяльна-тэхнічнай базай, абмежаванымі працоўнымі рэсурсамі. Паводле афіцыйных звестак, за гады вайны матэрыяльныя страты ў сельскай гаспадарцы БССР склалі 45 млрд. рублёў (у цэнах 1941 г.), страты насельніцтва ў вёсцы склалі 782,2 тыс. чалавек. Значная частка вяскоўцаў была вывезена ў Германію. Асабліва вялікія страты назіраліся сярод мужчын. Была знішчана асноўная частка матэрыяльна-тэхнічнай базы калгасаў, саўгасаў і МТС, многія вёскі абязлюдзелі, 420,1 тыс. сем’яў засталіся без жылля. 628 вёсак было спалена разам з жыхарамі. Скарачэнне вясковага насельніцтва працягвалася і ў пасляваенны час за кошт працэсаў урбанізацыі, якія набіралі моц у БССР, а таксама планавых перасяленняў з мэтай асваення аддаленых і малазямельных рэгіёнаў Савецкага Саюза. Тым не менш, і ў аднаўленні сельскай гаспадаркі былі дасягнуты пэўныя поспехі. Так, на працягу пасляваеннага пяцігоддзя было пабудавана звыш 431 тыс. дамоў, дзе пражывала больш 2 млн. чалавек, на працягу 1950 г. колькасць трактараў у беларускіх калгасах павялічылася на 50 %.
Звароты і скаргі калгаснікаў сведчаць, што працэсы індустрыялізацыі і урбанізацыі ў пасляваенны перыяд, а таксама ажыццяўленне сталінскай мадэлі калектывізацыі, у выніку якой селянін павінен быў пераўтварыцца ў рабочага з агародам, не пахіснулі асноў калгасна-вясковага жыцця. Па-ранейшаму яго першаснай сацыяльна-эканамічнай адзінкай з'яўляўся калгасны двор, які быў генетычна звязаны з адзінаасобным сялянскім дваром, з'яўляючыся, як і апошні, сямейна-працоўным аб'яднаннем. Калгасны двор быў тым сацыяльным інстытутам, які працягваў адвечныя сялянскія традыцыі працы і побыту, перш за ўсё, — перадачу з пакалення ў пакаленне пачуцця гаспадара зямлі, працавітасці, самастойнасці. Найбольшым цяжарам была сістэма падаткаабкладання сялянскага двара, якая склалася яшчэ ў 1930-я гг. Сістэма абавязковых паставак дзяржаве зерня была пашырана на іншыя віды прадукцыі — мяса, малако, яйкі, бульбу. Значна быў павышаны і грашовы сельскагаспадарчы падатак на прысядзібную гаспадарку калгасніка. Усе вясковыя працаўнікі былі пад жорсткім, несправядлівым кантролем, іх праца аплачвалася жабрацкімі працаднямі, а самі яны былі ў стане напаўпрыгонных, не мелі пашпартоў і былі пазбаўлены права свабоднага перамяшчэння па краіне.
У 1949 г. была прынята трохгадовая праграма паляпшэння становішча ў жывёлагадоўлі. «Паляпшэнне» — афіцыйны тэрмін, хаця варта было казаць пра выратаванне жывёлагадоўлі. Выканана гэтая праграма не была, наадварот — напярэдадні тэрміну яе заканчэння сітуацыя пагражала выйсці з-пад кантролю. У маі 1950 г. М. С. Хрушчоў яшчэ пагоршыў стан сельскай гаспадаркі сваім планам зліцця малых калгасаў у аграгарады. Амаль паўсюдна гэта кампанія была ўспрынята калгаснікамі як катастрофа. Падчас ліквідацыі малых вёсак і пераводу іх жыхароў у іншыя месцы — без усялякай падрыхтоўкі, фінансавай падтрымкі і нават транспарту — людзі проста спынялі працу. Уцёкі сялян у гарады прывялі да таго, што там пачаў адчувацца недахоп хлеба, бульбы, жыроў, іншых прадуктаў. Не лепшым было становішча ў саўгасах і МТС, якія належалі дзяржаве. Больш паспяховымі былі гаспадаркі, якія выраблялі тэхнічныя культуры, — іх менш абкладалі падаткамі, частка іх выдаткаў фінансавалася з дзяржбюджэта і г.д. Але і ва ўкараненне тэхнічных культур Сталін здолеў унесці элемент ірацыянальнасці. Дастаткова прыгадаць вырошчванне ў беларускіх кліматычных умовах экзатычнага кок-сагызу для атрымання ўласнай крыніцы вырабу натуральнай гумы.