Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 8

Аляксандр Гужалоўскі

Напрыканцы 1940-х — пачатку 50-х гг. у беларускіх гарадах рабіліся першыя крокі па наладжванні мірнага жыцця. Быў узноўлены 8-гадзінны працоўны дзень, адменены абавязковыя звышурочныя работы, рабочыя і служачыя зноў атрымалі штогадовы аплачваемы адпачынак, наладжваў работу транспарт. Амаль нанова была адбудавана сталіца БССР. За пяць пасляваенных гадоў у горадзе было ўзноўлена і пабудавана звыш 400 тыс. квадратных метраў жылой плошчы. Узнаўляліся іншыя гарады рэспублікі. За той жа перыяд была адноўлена дзейнасць 29 ВНУ, 110 тэхнікумаў, каля 12 тыс. школ, дзе навучалася звыш 1,5 млн. дзяцей. За пасляваеннае пяцігоддзе ў рэспубліцы было выдадзена 2 141 найменне кніг агульным накладам у 43 872 000 асобнікаў.

У першыя пасляваенныя гады працэсы урбанізацыі БССР у значнай ступені фарміраваліся пад уплывам Вялікай Айчыннай вайны, дэмаграфічныя вынікі якой для рэспублікі былі выключна цяжкімі. Колькасць насельніцтва рэзка скарацілася — у 1950 г. у БССР пражывала 7 778,1 тыс. чалавек, у тым ліку ў гарадах 1 619,5 тыс. чалавек (21 % насельніцтва).

Гарадскія работнікі з’яўлялася другой па колькасці, пасля калгаснікаў, групай насельніцтва. Невялікі слой узорных работнікаў (стаханаўцаў), а таксама работнікі стратэгічных галін прамысловасці прыкметна адрозніваліся ўзроўнем жыцця ад асноўнай массы працоўных. Вялікую і няпростую па свайму складу групу ўтваралі служачыя. Яна складалася з многіх падгруп з розным доступам да тавараў і паслуг, па-рознаму аплачваемых і кіруемых. Многія з гэтых людзей амаль не адрозніваліся ад простых рабочых і сялян, але некаторыя належалі да субэліт па доступу да ўлады і матэрыяльных выгодах. Інтэлектуалы разглядаліся рэжымам як дзяржаўныя служачыя. Толькі адзінкі з іх здолелі захаваць матэрыяльную і духоўную незалежнасць дзякуючы таму, што ўлада не магла адмовіцца ад іх спецыяльных ведаў і навыкаў.

Мілітарызацыя працы праявілася і ў такой навіне, як увядзенне уніформы для работнікаў найважнейшых галін эканомікі. Мундзіры пачалі насіць чыгуначнікі, работнікі рачнога транспарту, грамадзянскай авіяцыі, хімікі, сувязісты, геолагі, гарнякі, чыноўнікі юрыдычных ведамстваў, дзяржаўнага кантролю, работнікі лясной галіны. Планавалася ўвесці форменнае адзенне для студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ. Пры гэтым мелася і прагматычная мэта — надаць работнікам ключавых ведамстваў мінімальна прыстойны выгляд, бо за перыяд выйны адзенне цалкам знасілася.

Вялікай праблемай пасляваеннага часу стала маргіналізацыя гараджан. Гаворка ідзе не толькі пра дэмабілізацыю, працаўладкаванне, пенсіі. Гарадскім уладам трэба было клапаціцца, каб многія людзі знайшлі сябе ва ўмовах мірнага часу. Гэта было няпроста, нягледзячы на тое, што ў сувязі з гіганцкімі чалавечымі стратамі востра паўстала пытанне працоўных рэсурсаў. Мільёны франтавікоў, эвукуіраваных, перамешчаных асоб, былых палонных, сваякоў, якія шукалі адзін аднаго, не адразу перайшлі на аседлы лад жыцця. Амаль кожнаму давялося жыць на карткі альбо пайкі. Жабракі, бяздомныя, сіроты, калекі напаўнялі гарады, чыгуначныя станцыі, рынкі ў пошуках міласціны альбо аб’екта крадзяжу як галоўнай крыніцы харчавання. Падобная маргіналізацыя, дапоўненая пакутамі і звычкай да гвалту і смерці, рабіла дэвіянтныя паводзіны паўсядзённасцю.