Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 10
Аляксандр Гужалоўскі
У шматлікіх скаргах пасляваеннага часу выразна адлюстраваны ўсе негатыўныя бакі калектывізацыі ў заходніх абласцях БССР. Як вядома, партыйна-савецкімі ўладамі былі прыняты меры па ажыццяўленні калектывізацыі Заходняй Беларусі адразу пасля яе далучэння ў верасні 1939 г. Гэта работа вялася адначасова з наступам на заможныя гаспадаркі найперш шляхам канфіскацыі часткі іх зямель, якія перадаваліся калгасам альбо пераходзілі ў дзяржаўны фонд з мэтай надзялення малазямельных сялян. Апошняе, разам з моцнай агітацыйна-прапагандысцкай работай, верай значнай часткі бедных сялян у ідэалы сацыялізму і ў першую чаргу арганізацыйна-націскныя метады, садзейнічала інтэнсіўнаму стварэнню калектыўных гаспадарак на заходнебеларускіх землях. Адначасова з калгасамі на землях былых шляхецкіх маёнткаў утвараліся саўгасы. У час нямецкай акупацыі тэрыторыі БССР калгасы і саўгасы былі распушчаны.
У першыя пасляваенныя гады ў заходняй частцы рэспублікі (у адрозненне ад усходняй) сельскагаспадарчая вытворчасць аднаўлялася пераважна на аснове індывідуальнай сялянскай гаспадаркі. Адначасова аднаўлялася работа арганізаваных у даваенны час калгасаў і саўгасаў, ішло актыўнае стварэнне новых. Жорстка і буйнамаштабна праводзілася палітыка раскулачвання. У мэтах яе актывізацыі Савет Міністраў СССР у верасні 1951 г. прыняў спецыяльную пастанову «Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР». У ходзе яе выканання адміністрацыйна-карныя органы толькі ў 1952 г. выслалі за межы рэспублікі 4 431 кулацкую сям’ю. Адметнымі рысамі калектывізацыі на заходне-беларускіх землях былі не толькі кароткія тэрміны яе правядзення, але і складаныя палітычныя ўмовы, працяг узброенага супраціўлення сялян, новы наступ партыйна-дзяржаўнага апарату на былых палітычных дзеячаў, інтэлегенцыю, каталіцкіх святароў. У спалучэнні з жорсткімі рэпрэсіямі ў адносінах да заможнай часткі вёскі ўсё гэта прывяло да амаль поўнай калектывізацыі на працягу некалькіх гадоў. На канец 1950 г. у заходніх абласцях БССР налічвалася 6 054 калгасы і 78 МТС.
Шэраг скаргаў і зваротаў дазваляе прасачыць тыповыя праблемы, якія паўставалі ў першыя пасляваенныя гады перад беларускай моладдзю. Афіцыйна з 1920-х па 1960-я гг. у Савецкім Саюзе не існавала маладзёжных праблем. У адрозненне ад моладзі буржуазнага грамадства, савецкая моладзь не ўдзельнічала ў канфлікце пакаленняў. На ўсе пытанні паміж бацькамі і дзецьмі былі знойдзены адказы, і любое магчымае напружанне паступова растваралася ў сацыялістычным грамадстве, дзе не сям’я, а дзяржава адыгрывала асноўную ролю ў сацыялізацыі маладых людзей. Зніклі маладзёжныя субкультуры, таксама як звычаі і святы, звязаныя з моладдзю ў вясковых супольнасцях. Энтузіязм моладзі, яе надзеі на светлую будучыню, любоў да жыцця і работы былі пастаўлены ў цэнтр камуністычнай ідэалогіі. На маладых людзей была ускладзена роля будаўнікоў камунізму. З умацаваннем курсу на пабудову камунізму, паняцці «моладзь» і «камуністычная будучыня» зрабіліся непадзельнымі. Якасці моладзі, сплаўленыя з камуністычнай ідэалогіяй, павінны былі стварыць новы тып «савецкага чалавека». Новыя савецкія людзі абавязаны былі быць жыццярадаснымі, энергічнымі, любячымі радзіму і ахопленымі надзеямі на будучыню сваёй маладой краіны. Выявы ідэальных грамадзян краіны, прадстаўленыя ў мастацтве сацрэалізму 1940-50 гг., малююць гарадскую і вясковую моладзь, якая ззяе ад працоўнага поту на карысць будаўніцтва камунізму. Сярод іх няма ніводнага чалавека сталага ўзросту.