Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн
Аляксандр Гужалоўскі
Аляксандр Гужалоўскі
«…Міласці Вашай просім»,
альбо Адзін год у навейшай гісторыі Беларусі, адлюстраваны ў лістах, заявах, скаргах і іншых формах звароту грамадзян
Уводзіны
Калі скончылася вайна, шмат каму падавалася, што жыццё пойдзе па-іншаму. Яно сапраўды пайшло па-іншаму ў параўнанні з ваеннымі гадамі, калі перад краінай і асобнымі людзьмі паўстала задача выжыць, вытрымаць у барацьбе з нацызмам.
За першае пасляваеннае пяцігоддзе ў БССР было шмат чаго дасягнута. Высокімі тэмпамі ішло ўзнаўленне прамысловасці — у 1950 г. аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў параўнанні з 1946 г. у тры з паловай разы. Былі створаны новыя галіны прамысловасці — аўтамабільная, трактарная, веласіпедная, лакамабільная, цукровая. Гордасцю рэспублікі сталі гіганты беларускай індустрыі — аўтамабільны і трактарны заводы. Значна пашырыліся станкабудаўнічая, паліўная, тэкстыльная, харчовая галіны прамысловасці. Ішло актыўнае стварэнне энэргетычнай базы — будаўніцтва электрастанцый. Калі да вайны галоўнай крыніцай эканамічнага росту было прыцягненне ў вытворчасць новых мас людзей, дык пасля таго, як рэспубліка згубіла найбольш працаздольных і таленавітых грамадзян, трэба было шукаць новыя шляхі ўзмацнення эканамічнага патэнцыялу. Беларуская савецкая гістарыяграфія слушна падкрэслівала гераічны аспект пасляваеннага гаспадарчага аднаўлення. Дасягнуць і перавысіць менш чым за пяць гадоў даваенныя прамысловыя паказчыкі — вялікае дасягненне па любых стандартах. Тым больш, калі ўлічваць страты ваеннага часу. Заданні чацвёртай пяцігодкі 1946–1950 гг. былі выкананы датэрмінова. Гадавыя тэмпы прыросту вытворчасці прамысловай прадукцыі ў БССР склалі 41,7 % — адзін з лепшых паказчыкаў сярод савецкіх рэспублік. На сан-францыскай канферэнцыі 1945 г. БССР аднагалосна была ўключана ў склад дзяржаў-заснавальніц ААН.
Разам з тым, у савецкім грамадстве назіраўся працэс вяртання да старых, даваенных каштоўнасцей. У міжнародным плане гэта праявілася ў рэзкай канфрантацыі з былымі саюзнікамі, а ва ўнутранай палітыцы — ва ўзнаўленні стратэгіі камуністычнага будаўніцтва і жорсткай сацыяльнай рэгламентацыі. Да «спадчыны» 1930-х гг. вайна дадала яшчэ шэраг пунктаў, якія былі зачэпкай да праследавання грамадзян з боку ўлад, абмежавання іх правоў і магчымасцей. Першымі сярод падазроных сталі тыя, хто пабываў у нямецкім палоне альбо пражываў на акупіраванай тэрыторыі, а такіх налічвалася мільёны. Сваякі, якія апынуліся ў акупацыі, таксама сталі крыніцай праблем для многіх, асабліва для тых, хто прасоўваўся па службовай лесвіцы. Нягледзячы на тое, што пасля вайны рэпрэсіі не афішыраваліся, спецправеркі, якія праводзіліся міністэрствам дзяржаўнай бяспекі СССР на працягу доўгага часу, часта прыводзілі да пераследу, асабістых трагедый і буйных непрыемнасцей.
Важным для разумення пасляваеннай палітычнай і грамадскай сітуацыі з’яўляецца аналіз сацыяльнай іерархіі грамадства. Афіцыйная дактрына падзяляла савецкае грамадства на сяброўскія классы і групы, якія яшчэ шчыльней з'ядналіся пасля вайны. З 178,5 млн. чалавек насельніцтва СССР у 1950 г. рабочыя складалі 36,2 %, калгаснікі і члены кааператываў (у гарадах) — 41,9 %, некалектывізаваныя сяляне і рамеснікі — 2,3 %, інтэлігенцыя і служачыя — 19,6 %. Аднак гэтая афіцыйная класіфікацыя савецкага грамадства патрабуе сур’ёзных карэктыў. Полюсамі сацыяльнага складу грамадства з’яўляліся шматлікія вязні ГУЛАГу, з аднаго боку, і разнастайныя эліты — з другога. Найбольш моцнай і ўплывовай элітарнай групай былі наменклатурныя работнікі, колькасць якіх толькі ў рамках партыйнай наменклатуры перавышала 100 тыс. чалавек. Але і на гэтых полюсах меліся істотныя варыяцыі.