Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 7

Аляксандр Гужалоўскі

Указ аб ахове асабістай маёмасці быў больш лагодны. У ім за разбой, гэта значыць напад з мэтай завалодвання чужой маёмасцю з ужываннем альбо пагрозай гвалту давалася ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Паводле сакрэтнага распараджэння Савета Міністраў СССР, дзеянне ўказаў ад 4 чэрвеня 1947 г. было распаўсюджана і на дробныя крадзяжы на вытворчасці, у выніку чаго рабочыя, калгаснікі, служачыя асуджаліся за дробны крадзеж не да аднаго года пазбаўлення волі, як гэта было раней, а да 7-10 гадоў. На практыке судовыя ворганы ў большасці выпадкаў за крадзёж дзяржаўнай маёмасці, незалежна ад асобы абвінавачанага, а таксама ад характару і памераў скрадзенага (напрыклад, парожняга мяшка), прызначалі найвышэйшы тэрмін — 10 гадоў. Указы і пастановы раздулі нечувана гучную кампанію па барацьбе з крадяжом. У сціслыя тэрміны суды правялі сотні і тысячы паказальных працэсаў. Праз паўгода пасля выхаду ўказаў турмы і лагеры былі перапоўнены. Але ў пасляваенных эканамічна складаных умовах эскалацыя крымінальнага заканадаўства ўдарыла не столькі па сапраўдных крымінальніках — буйных рабаўніках дзяржаўнай і асабістай маёмасці, колькі па абяздоленых людзях, у тым ліку жанчынах і падлетках. Па ўсіх відах злачынстваў дамінавалі самыя нізкааплатныя і найменш адукаваныя сацыяльныя групы насельніцтва — рабочыя і сяляне.

Нізкім быў узровень таго, што мела назву сацыялістычнай альбо рэвалюцыйнай законнасці. Канешне, рабіліся крокі ў накірунку захавання прынамсі знешняга выгляду законнасці ў паўсядзённым жыцці грамадзян, але дакументы сведчаць, што парушэнняў было шмат. Указам Вярхоўнага Савета СССР ад 23 ліпеня 1951 г. «За ўхіленне ад грамадска карыснай працы і за вядзенне паразітычнага ладу жыцця» уводзілася крымінальная адказнасць. Характэрна, што «псіхушкі» ужо выконвалі рэпрэсіўную функцыю. Начальства стала практываць адпраўку ў псіхіятрычныя клінікі асоб, якія надакучвалі настойлівымі просьбамі, петыцыямі і г.д. Былі выпадкі адпраўкі здаровых людзей з прыёмнай Вярхоўнага Савета СССР у псіхіятрычную клініку толькі таму, што чалавек прыходзіў туды кожны дзень, займаў чаргу і чакаў.

У вялікай колькасці зваротаў грамадзян да вышэйшых партыйных інстанцый знаходзім вельмі цікавыя замалёўкі паўсядзённага жыцця беларускага горада і вёскі.