Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 11
Аляксандр Гужалоўскі
Савецкая сістэма імкнулася спланаваць усе сферы жыцця новага чалавека, і ў рамках гэтай сістэмы паняцце «моладзь» было добра распрацавана. Маладыя людзі, якія імкнуліся дасягнуць поспеху ў сістэме, у дзяцінстве ўступалі ў піянеры, потым ва ўзросце 14 гадоў — у камсамол, і чакалася, што недзе ў 28 гадоў яны павінны будуць падаць заяву аб прыёме ў партыю. Маладосць афіцыйна заканчвалася ў 35 гадоў. Існавала цэлая сістэма дзяржаўных органаў і афіцыйных пасад, звязаных з моладдзю, а таксама катэгорыя адміністрацыйных органаў пад эгідай маладых палітыкаў. Патэрналісцкі падыход забяспечваў пэўную ўвагу да моладзі, але ў той жа час перашкаджаў здзяйсненню любых яе незалежных ініцыятыў, якія ішлі насуперак ужо спланаваных альбо чакаемых працэсаў.
Вялікая колькасць скаргаў выйшла з-пад пяра жанчын, на долю якіх прыпала значная частка ваенных цяжкасцей. Пасля вайны іх становішча палепшылася не нашмат. Жанчыны звычайна пісалі пра набалелае — дзіцячыя садкі, пенсіі, санаторны адпачынак, стварэнне нармальных умоў працы. Але галоўным лейтматывам іх зваротаў да вышэйшага партыйнага кіраўніцтва ўсё ж было самае набалелае — просьбы аб уратаванні сям'і альбо аб дапамозе ў стварэнні новай. Гэта цалкам зразумела. Калі ў 1940 г. у СССР жанчын было больш за мужчын на 7 млн., то ў 1950 г. — ужо на 20 млн.
Вайна аслабіла адну з галоўных крыніц нарошчвання высілкаў у сферы прамысловасці — мужчынскую працоўную сілу. У той жа час узросшыя глабальныя магчымасці і амбіцыі Сталіна не дазвалялі пайсці на скарачэнне мабілізацыйных высілкаў. Поруч з раней гучаўшымі і раней заклікамі моладзі ў прамысловасць, на шахты і да т. п. шырока выкарыстоўвалася ідэалагічнае стымуляванне цяжкай фізічнай працы жанчын. Сацыяльна і палітычна яны заставаліся ніжэйшым класам. Жанчынам у прамысловасці і сельскай гаспадарцы даводзілася выконваць у асноўным ручную і некваліфікаваную працу. Дзяржаўныя планы будаўніцтва дзіцячых садкоў выконваліся толькі напалову. Кіраўніцтвам рабіліся спробы выправіць сітуацыю. Напрыклад, гэтай праблеме, была прысвечана спецыяльная нарада ЦК ВКП(б), якая адбылася напрыканцы 1950 г. Пра гаротны лёс жанчын-сялянак удзельнікам нарады нагадала рэдактар часопіса «Крестьянка». Яе словы пра тое, што вясковая жанчына — «абсевак» у полі, што яна заўчасна робіцца старой, яе не дапускаюць да кіруючых пасад, былі даведзены да Г. М. Малянкова як «глыбока памылковыя і палітычна шкодныя». Нават на агульным невясёлым фоне пасляваеннага стану краіны жаночы лёс выглядаў вельмі змрочна.