Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 6
Аляксандр Гужалоўскі
Прызначэнні савецкіх работнікаў адбываліся ў партыйных кабінетах, а за іх работай уважліва сачылі аддзелы партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх органаў адпаведных камітэтаў партыі. Падрыхтоўка савецкіх работнікаў праводзілася ў партшколах, дзе яны вучыліся разам з будучымі партыйнымі функцыянерамі. І па заробках, і па іншых прывілеях партыйная і савецкая наменклатура былі прыкладна ў аднолькавым становішчы. Склад дэпутатаў Саветаў камплектаваўся ў асноўным з асоб, якія ўваходзілі ў наменклатурныя спісы партыйных камітэтаў. Да іх дадаваліся пэўныя групы рабочых і сялян, каб пацвердзіць тытульную назву Саветаў працоўных. Вызваленыя савецкія работнікі камплектаваліся пераважна з менш удалых партыйных функцыянераў, якія не бралі да ўвагі факт агоніі Саветаў. Роля гэтых органаў, калі паглядзець парадак дня сесій таго часу, была зведзена да руціннага прыняцця бюджэтаў, адабрэння указаў, ужо ўхваленых у партыйна-урадавых інстанцыях, а таксама да зацвярджэння вызначанага канстытуцыяй кола работнікаў. Асабліва бачны заняпад Саветаў быў на нізавым узроўні.
Сістэма не магла працаваць без адпаведных «кадраў», на якіх звярталі вялікую ўвагу. Кожнае міністэрства і цэнтральнае ведамства мела сярод намеснікаў міністра (кіраўнікоў) чалавека, звычайна афіцэра МДБ у цывільным, які адказваў за гэту работу. Кадравікі адсейвалі тых, хто здаваўся ненадзейным і прасоўвалі наперад лаяльных і рэзультатыўных. У пасляваенных умовах сталінскі лозунг «кадры вырашаюць усё» пераўтварыўся ў практыку, калі ўсё, уключаючы лёсы людзей, вырашалі аддзелы і ўпраўленні кадраў. Асаблівая ўвага надзялялася «кадрам», жыццёва важным для функцыянавання сістэмы. Акрамя адбору, запалохвання і «клопату» аб такіх людзях, ужываліся больш тонкія метады, уключаючы разгалінаваную сістэму прывілей — да размеркавання прадуктаў, спажывецкіх тавараў, паслуг. Многія, калі не ўсе партыйныя і ўрадавыя арганізацыі стваралі ў сябе падраздзяленні забеспячэння для аказання паслуг ключавому персаналу. Насельніцтва абуралася падобнай практыкай. Перад XIX з’ездам КПСС выказвалася шмат незадаволенасці наконт прыслугі ў непрацуючых жонак кіраўніцтва, персанальных машын, якія выкарыстоўваліся для задавальнення асабістых патрэб, матэрыяльнай дапамогі высокапастаўленым чыноўнікам.
Людзі вельмі часта скардзіліся ў ЦК КП(б)Б на несправядлівасць судовай сістэмы і жорсткасць альбо абыякавае стаўленне да іх праваахоўных органаў. Галоўнай прычынай злачыннасці, якая ахапіла ўвесь СССР ў пасляваенны перыяд, была беднасць. Для набыцця самага неабходнага — ежы, адзення і да т. п. людзі ішлі на крадзеж, рабаўніцтва, забойства. У склаўшыхся абставінах кіраўніцтва краіны ўзмацняла карныя функцыі дзяржавы. Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 чэрвеня 1947 г. «Аб крымінальнай адказнасці за крадзеж дзяржаўнай і грамадскай маёмасці» і «Аб узмацненні аховы асабістай уласнасці грамадзян» пераўзышлі па сваёй жорсткасці Закон ад 7 жніўня 1932 г., празваны ў народзе «законам аб пяці каласках». У адпаведнасці з указамі 1947 г. мінімальны тэрмін за крадзеж, прысваенне альбо растрату дзяржаўнай маёмасці складаў ад 7 да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў, а за паўторнае альбо здзейсненае ў групе падобнае злачынства — да 25 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.