Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 5
Аляксандр Гужалоўскі
Да каго ж звярталіся грамадзяне БССР у пошуках праўды як да найвышэйшай інстанцыі?
У 1948 г., пасля абрання Г. М. Малянкова сакратаром ЦК ВКП(б), была праведзена рэарганізацыя апаратаў ЦК нацыянальных кампартый саюзных рэспублік, абкомаў, крайкомаў. Яе сутнасць заключалася ў скарачэнні штатаў і замене грувасткіх упраўленняў ЦК аддзеламі, заснаванымі па галіновым прынцыпе. У ЦК КП(б)Б былі ўтвораны: 1) аддзел партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх органаў; 2) аддзел прапаганды і агітацыі; 3) сельскагаспадарчы аддзел; 4) аддзел цяжкай прамысловасці; 5) аддзел машынабудавання; 6) аддзел лёгкай прамысловасці; 7) аддзел транспарта; 8) планава-фінансава-гандлёвы аддзел; 9) аддзел адміністрацыйных органаў; 10) аддзел па рабоце сярод жанчын. Пра значэнне, якое надавалася вышэйшым партыйным кіраўніцтвам рабоце таго ці іншага аддзела, сведчыла не толькі яго месца ў вышэйпададзеным спісе, але і штатны расклад. Так, у найбольш шматлікім аддзеле — прапаганды і агітацыі — працавала 55 чалавек, у аддзеле па рабоце сярод жанчын — 4 чалавекі. У ЦК КП(б)Б у той час працавала 274 чалавекі, з якіх 200 займалі адказныя пасады і 74 — тэхнічныя.
Кіраваў апаратам ЦК Сакратарыят ЦК КП(б)Б на чале з пяццю сакратарамі. Сакратарыят вызначаўся ў якасці стала дзеючага рабочага органа, асноўнай функцыяй якога была падрыхтоўка пытанняў да разгляду на бюро і праверка выканання рашэнняў. Галоўнай задачай бюро была праверка работы партыйных арганізацый, заслухоўванне справаздач абкомаў і райкомаў і прыняцце мер па паляпшэнні іх дзейнасці. Бюро разглядала і зацвярджала кіраўнічыя ўказанні па пытаннях арганізацыйнай і выхаваўчай работы. Асноўнай задачай аддзелаў ЦК вызначаўся падбор кадраў па адпаведных галінах і праверка выканання рашэнняў ЦК і Урада.
Узаемаадносіны цэнтра і месцаў нарадзілі асаблівую групу мясцовых палітыкаў — першых сакратароў абласных і раённых партыйных камітэтаў. Звычайна яны прызначаліся ў Мінску, таму іх шлях наверх альбо падзенне былі вынікам рашэння ЦК КП(б)Б. Большасць мясцовых партыйных сакратароў былі дзецьмі ваеннай фартуны. Аднак рэпрэсіі канца 1930-х гг. помніліся добра, іх трымалі ў напружанні з дапамогай сакрэтнай інфармацыі пра «справы» кшталту ленінградскага. У эканамічным плане мясцовая партыйная эліта канцэнтравала сваю ўвагу перш за ўсё на выкананні планаў па пастаўках сельгаспрадукцыі. А паколькі сельская гаспадарка практычна паўсюль была занядбана, перад абласнымі і раённымі партыйнымі кіраўнікамі ў той час паўставалі, як правіла, невыканальныя задачы. Палітычная ж дзейнасць мясцовай партнаменклатуры зводзілася пераважна да тлумачэння народу рашэнняў вышэйшага партыйнага кіраўніцтва.
Пасля вайны працягвалі губляць палітычны ўплыў Саветы — скарацілася колькасць сур'ёзных дэбатаў, значных ініцыятыў, адбылося канчатковае падпарадкаванне дыктату партыі ў кадравых прызначэннях. У іерархіі структур, якія ўтваралі сталінскую сістэму, Саветы знаходзіліся не толькі пасля партыі, але і служб дзяржбяспекі, арміі, выканаўчых органаў урада. Любы крок Саветаў усіх узроўняў папярэдне абмяркоўваўся і адабраўся адпаведнай партыйнай інстанцыяй. Так, падчас правядзення выбараў у Вярхоўны Савет БССР 25 лютага 1951 г. спісы кандыдатаў у дэпутаты, парадак дня сесій, перамяшчэнні савецкіх работнікаў па службовай лесвіцы, узнагароджванні і да т. п. — усё гэта зацвярджалася сакратарыятам ЦК КП(б)Б.