Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 4
Аляксандр Гужалоўскі
Але існавалі пэўныя межы ўзроўню крытычнасці заяў, пераступіўшы якія заявіцель трапляў у разрад ворагаў і антысавецкіх агітатараў. Мяжа гэта была даволі хісткай, але аўтары лістоў, напэўна, адчувалі яе, пра што сведчыць наяўнасць вялікага пласта ананімных лістоў. У некаторых выпадках па ананімных лістах, прызнаных асабліва небяспечнымі, праводзіліся спецыяльныя расследаванні з мэтаю выяўлення іх аўтараў.
Партыйныя і дзяржаўныя інстанцыі павінны былі рэагаваць на кожную скаргу альбо крытычную заўвагу. Факты падлягалі разгляду ў дакладна акрэсленыя тэрміны. Калі гутарка ішла пра камуніста, скарга разглядалася на партыйных сходах, вінаватым выносілі партыйныя спагнанні, складаўся план выпраўлення недахопаў. Заявіцель, ананімны альбо з подпісам, заявіцель меў права на адказ. Адказ павінен быў давацца той інстанцыяй, якой тычылася скарга. Звычайна ён меў даволі фармальны змест: паведамлялася, ці пацвердзіліся факты, выкладзеныя ў скарзе, потым размова ішла пра прынятыя меры. Адказ у большасці выпадкаў быў пісьмовы, але мог быць і вусным, калі існавала магчымасць выклікаць аўтара ў адпаведную інстанцыю. Калі скарга паступала ў рэдакцыю газеты, яе маглі надрукаваць у аглядзе лістоў, альбо (у большасці выпадкаў) адаслаць у адпаведную інстанцыю для прыняцця мер. У любым выпадку арганізацыя, якая падвяргалася «крытыцы працоўных», павінна была адрэагаваць.
Канец 1940-х — пачатак 1950-х гг. — гэта перыяд найвышэйшага ўзлёту эпісталярнай творчасці савецкіх грамадзян. Павялічылася колькасць зваротаў да ўлад, пашырылася кола пытанняў, якія закраналі іх аўтары. Як вынік, напачатку 1953 г. у партапараце разгортваецца кампанія па наладжванні работы са зваротамі працоўных. Гэтай тэме былі прысвечаны пленумы райкомаў і гаркомаў, партыйныя сходы пярвічных арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва настойліва патрабавала палепшыць работу з лістамі працоўных. Паўсюдна партыйныя бюро райкомаў і гаркомаў разглядалі справы аб нездавальняючай рабоце са скаргамі. Аднак за фармальна-бюракратычнае стаўленне да гэтай справы пакаранне было не надта строгім — звычайна абмяжоўваліся «указаннем».