Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 3
Аляксандр Гужалоўскі
Супярэчнасці грамадскага развіцця вельмі выразна прасочваюцца праз псіхалогію мас, маральнае усведамленне людзей, іх патрэбы, інтарэсы, светапогляд. Сучасныя даследчыкі навейшай гісторыі за невялікімі выключэннямі імкнуліся ў лепшым выпадку ажывіць свае творы кароткімі біяграфіямі «простых людзей», разглядаючы іх як давесак да гаспадарчага механізма. Такі падыход абумовіў фіксацыю пераважна знешняга боку гістарычнага працэсу, апісальніцтва і каментатарства. Пранікнуць па-за «бачную паверхню» гістарычнага працэсу дазваляюць такія цікавыя першакрыніцы, як звароты працоўных да вышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Беларускімі гісторыкамі зроблены толькі першыя спробы выкарыстання зваротаў працоўных да ўлад у якасці самастойнай гістарычнай першакрыніцы. Пры ўсёй сваёй спецыфічнасці — мы маем справу выключна з негатыўным баком жыцця — яна стварае вельмі каларытную мазаіку тагачаснага жыцця, сапраўдны калейдаскоп чалавечых лёсаў.
У дадзеным зборніку прадстаўлена менш за дзесятую частку ад агульнай колькасці зваротаў, напісаных грамадзянамі БССР вышэйшаму партыйнаму кіраўніцтву ў 1951 г. (не будзем забывацца на тое, што пісалі і ў іншыя інстанцыі — міністэрства дзяржаўнай бяспекі, савецкія органы ўлады, свайму непасрэднаму кіраўніцтву). Большасць зваротаў — гэта просьбы аб персанальных пенсіях, паляпшэнні жыллёвых умоў, лячэнні і, канешне, працаўладкаванні (заработная плата з’яўлялася адзінай крыніцай існавання людзей — астатнія віды гаспадарчай дзейнасці жорстка пераследаваліся). Другая па значнасці тэма звароту да партыйнага кіраўніцтва — даносы на начальства, таварышаў па службе, суседзяў. У большасці скаргаў адчуваецца подых нядаўняй вайны. У іх нярэдка сусракаюцца звесткі пра палітычных рэпрэсаваных, сумны лёс якіх у той ці іншай ступені закранаў таксама іх сваякоў. Звароты на беларускай мове складаюць менш за 1 %.
Крытэрыем адбору матэрыялаў у зборнік была ступень рэпрэзентатыўнасці ў адлюстраванні ментальнасці пасляваеннага беларускага грамадства. Лісты да ўлад — тыпова масавая першакрыніца, якая дазваляе рабіць пэўныя высновы на аснове вывучэння іх вялікай савакупнасці. Дадзеная асаблівасць стварае адну з сур’ёзных крыніцазнаўчых праблем, уласцівых рабоце з масавымі дакументамі. Як правіла, найбольш яскравыя лісты ў недастатковай ступені адлюстроўваюць агульныя настроі насельніцтва, у той час як масіў тыповых скаргаў (нецікавых для чытача) дэманструе найбольш тыповыя рысы масавай свядомасці. Таму ў аснове адбору матэрыялу ў дадзены зборнік было імкненне дасягнуць збалансаванасці паміж адлюстраваннем сацыякультурнага аблічча беларускага грамадства, менталітэта чалавека таго часу і цікавым зместам лістоў.
Вялікая колькасць просьбаў і скарг — яскравая прыкмета таталітарнага грамадства, калі ў простага чалавека была адзіная і апошняя надзея знайсці паратунак — звярнуцца да вышэйшага кіраўніцтва. Зварот да ўлады ў выглядзе скаргаў, даносаў і г.д. у сталінскім СССР быў адзіным інструментам уздзеяння грамадства на палітычную рэальнасць, іншымі словамі — формай удзелу ў палітычным жыцці. Толькі такім чынам, ва ўмовах адсутнасці дэмакратычна абранага парламента і мясцовага самакіравання, можна было пазбавіцца ад злодзея — старшыні калгаса альбо самадура сакратара райкома. Таму кіраўніцтву не трэба было ініцыіраваць і стымуляваць гэтую актыўнасць грамадзян зверху. З іншага боку, звароты грамадзян былі ледзь не адзіным каналам, які дазваляў кіраўніцтву ўбачыць непрыфарбаваную рэальнасць такой, якой яна была на самой справе. Ёсць прыклады таго, што рашэнні вышэйшага партыйнага кіраўніцтва карэкціраваліся пад уплывам паступіўшых «сігналаў з месц». Колькасць жа дробных злачынстаў, махлярстваў, злоўжыванняў уладай, выкрытых дзякуючы гэтым сігналам, — незлічоная. Акрамя таго, яны дазвалялі вышэйшаму партыйнаму кіраўніцтву трымаць пад кантролем апарат чыноўніцтва. Такім чынам, аб’ектыўна звароты грамадзян, нават у выглядзе даноса, рабілі ўладу больш эфектыўнай і як вынік спрыялі яе ўмацаванню.