Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 2
Аляксандр Гужалоўскі
Шырокія абагульненні аб узроўні жыцця розных груп савецкага грамадства пасляваеннага часу рабіць цяжка. Невялікая квартплата, бясплатная медыцына і адукацыя дазвалялі жыць на мяжы неабходнага. Для большасці людзей падобнае становішча было звыклым — яшчэ не сцёрліся з памяці ўспаміны пра ваенны час і голад 1946-47 гг. Вясковае насельніцтва ў большасці жыло з прысядзібных участкаў. Разлічыўшыся з дзяржаваю па абавязковых пастаўках (у адваротным выпадку калгаснік лічыўся дэзерцірам, спекулянтам і падвяргаўся штрафу альбо турэмнаму зняволенню), селянін, як правіла, нёс на рынак не лішкі сваёй вытворчасці, а прадукты, неабходныя для спажывання яго сям’і, каб на ўтаргаваныя грошы купіць які-небудзь «прамтавар». Для гараджан паказальныя лічбы ніжэйшых узроўняў заробкаў. Так, адразу пасля вайны афіцыйная сума неабкладаемых падаткамі прыбыткаў была ўзнята з 150 да 280 рублёў у месяц, што можа даць уяўленне пра мінімальныя заробкі. Студэнцкая стыпендыя складала 280 рублёў, сталінская стыпендыя — 400, аспірантам плацілі 800. Ёсць звесткі, што заробкі рабочых-будаўнікоў у 200–300 рублёў у месяц выклікалі рэзкае незадавальненне. Старшыні сельсавета плацілі 200 рублёў. Адзін з намеснікаў дырэктара МТС па палітычнай частцы скардзіўся ў Маскву, што на яго заробак у 750 рублёў жыць з сям’ёю немагчыма. Міністр дзяржбяспекі СССР В. С. Абакумаў атрымліваў у месяц 25 тыс. рублёў — сума, дастатковая для набыцця аўтамабіля і дачы. Вартасць тагачасных грошаў можа праілюстраваць выпадак, калі ў адным з калгасаў былі растрачаны грошы на набыццё старшыні калгаса касцюма (4 тыс. рублёў) і каровы (6 тыс. рублёў).
Літаратура пра пасляваеннае развіццё БССР няпоўная. У аснову канцэпцыі гэтага часу, створанай беларускімі савецкімі гісторыкамі, была пакладзена героіка пасляваеннага ўзнаўлення рэспублікі. Маштабы гэтых сапраўды вырашальных для далейшага лёсу рэспублікі падзей абумовілі, на наш погляд, выпадзенне са сферы аналізу і сучасных беларускіх даследчыкаў канкрэтна-гістарычных супярэчнасцей першага пасляваеннага дзесяцігоддзя. Між тым, менавіта гэты перыяд знаходжання Сталіна ва ўладзе найбольш важны для вывучэння і разумення сутнасці сталінскай сістэмы. У гэты час сфарміраваліся як палітыкі людзі, якія пазней, да сярэдзіны 1980-х гадоў, кіравалі рэспублікай. Нарэшце, менавіта ў гэты час канчаткова сфарміраваліся культ асобы Сталіна, рэжым аўтарытарнай улады, сама сістэма сталінізму, якая паказала свае моцныя і слабыя бакі, прадэманстравала ўласцівыя ёй каштоўнасці і прынцыпы, чаканні і мэты.