Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 270

Аляксандр Гужалоўскі

67

Панамарэнка Панцеляймон Кандратавіч (1902–1984) — савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыйнага падполля і партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну, генерал-лейтэнант. Нарадзіўся на х. Шалкоўскі Беларэчанскага раёна Краснадарскага краю, у 1932 г. скончыў Маскоўскі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, у 1918, 1932-36 гг. служыў у Чырвонай Арміі, з 1922 г. знаходзіўся на камсамольскай рабоце, з 1937 г. у апараце ЦК ВКП(б) — інструктар, намеснік загадчыка аддзела кіруючых парторганаў. У 1938-47 гг. займаў пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б, у Вялікую Айчынную вайну член ваенных саветаў Заходняга, Цэнтральнага, Бранскага франтоў, у 1942-44 гг. — начальнік штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання, у 1944-48 гг. — Старшыня СНК (з 1946 г. Савет Міністраў) БССР. У 1948-53 гг. з’яўляўся сакратаром ЦК ВКП(б), адначасова ў 1950-53 гг. — міністр нарыхтовак СССР, у 1953-54 гг. — міністр культуры СССР, у 1954-55 гг. — першы сакратар ЦК КП Казахстана. З 1955 г. знаходзіўся на дыпламатычнай, з 1965 г. — на выкладчыцкай рабоце.

68

М.К. — мясцовы камітэт.

69

Дарарз (Дарожнае аб’яднанне рабочага забеспячэння) — гандлёва-вытворчае прадпрыемства чыгункі, якое ажыццяўляла абслугоўванне чыгуначнікаў і мясцовага насельніцтва

70

Вейсманізм — ад Вейсман Аўгуст (1834–1914) — нямецкі фізіёлаг і тэарэтык эвалюцыйнага вучэння. У канцы 1940-х гг. створанае ім вучэнне, названае неадарвінізмам, афіцыйнай савецкай навукай было неабгрунтавана абвешчана антынавуковым і рэакцыйным. У сапраўднасці вучэнне Вейсмана было далейшым развіццём дарвінаўскай тэорыі эвалюцыі.

71

Марганізм — ад Морган Томас Хант (1866–1945) — амерыканскі заолаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі, прэзідэнт Амерыканскай Акадэміі навук, ганаровы член АН СССР (1932 г.), лаўрэат Нобелеўскай прэміі за адкрыцці, звязаныя з роляй храмасом у спадчыннасці.

72

Мендэлізм — ад Мендэль Грэгар Іаган (1822–1884) — чэшскі біёлаг і батанік, святар, які адыграў велізарную ролю ў развіцці ўяўленняў пра спадчыннасць. Законы, сфармуляваныя Мендэлем, былі да канца асэнсаваны навуковай супольнасцю толькі напачатку ХХ ст. з развіццём прадстаўлення аб генах.

73

Арбелі Леон Абгаравіч (1882–1958) — расійскі і армянскі фізіёлаг, акадэмік, віцэ-прэзідэнт АН СССР (1942-46 гг.), заснавальнік эвалюцыйнай фізіялогіі, аўтар наватарскіх прац па фізіялогіі вегетатыўнай нервовай сістэмы, болю, падкоркавых цэнтраў. У 1950 г., пасля сесіі Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук (жнівень 1948 г.), на якой была забаронена класічная генетыка, быў вызвалены ад кіраўніцтва амаль усімі падначаленымі яму навуковымі ўстановамі. У 1954 г. узначаліў нанова створаны Інстытут эвалюцыйнай фізіялогіі імя Сечэнава.