Читать ««...Міласці Вашай просім»» онлайн - страница 12
Аляксандр Гужалоўскі
Нарэшце, шэраг матэрыялаў зборніка адлюстроўвае латэнтную палітыку дзяржаўнага антысемітызму ў пасляваенным СССР, і, як вынік яе, павелічэнне колькасці праяў побытавай юдафобіі. Пачынаючы з 1949 г. антысемітызм спалучаўся з «барацьбой супраць касмапалітаў», якая дасягнула апагею ў 1953 г., падчас «справы ўрачоў». Першым моцным ударам па савецкіх яўрэях у пасляваенны час была справа Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта, якая пачалася ў 1946 г. Ніякіх доказаў антысавецкай дзейнасці сябраў камітэта ў органаў дзяржбяспекі не было. На сваіх паседжаннях яны абмяркоўвалі спецыфічна яўрэйскія праблемы — генацыд яўрэяў падчас ІІ сусветнай вайны, аднаўленне яўрэйскіх культурных устаноў, закрытых у 1930-х гг., стварэнне новых яўрэйскіх газет. Тады ж паўстала пытанне пра ўтварэнне ў Гомельскай вобласці аўтаномнага яўрэйскага этнічнага рэгіёна і рассяленне яўрэяў, што засталіся пасля нацысцкага генацыду, на тэрыторыі Крыма (ў Сталіна былі зусім іншыя планы — ён рыхтаваў дэпартацыю ўсяго яўрэйскага насельніцтва СССР на Далёкі Усход).
У студзені 1948 г. у Мінску быў забіты старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта, народны артыст СССР С. М. Міхоэлс. У верасні таго ж года пачаліся арышты сябраў камітэта, абсалютная большасць якіх была расстраляна. Са справай Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта было штучна звязана яшчэ каля 70 спраў. Па ўсёй краіне пачаліся антысеміцкія судовыя працэсы, атрымаўшыя афіцыйную назву «працэсаў над удзельнікамі арганізацый яўрэйскіх буржуазных нацыяналістаў». Пад нож рэпрэсій трапілі работнікі шэрагу міністэрстваў, сродкаў масавай інфармацыі, аховы здароўя і інш. Пачалося выцісканне яўрэяў пад рознымі зачэпкамі з кіраўнічых пасад у прамысловасці і культуры. Узніклі складанасці з прыняццем абітурыентаў-яўрэяў у ВНУ. На кухнях камунальных кватэр, падчас перапынкаў на прадпрыемствах наладжваліся калектыўныя чытанні фельетонаў пра махлярствы яўрэяў. У краіне стваралася атмасфера пагрому.
Такім чынам, атмасфера пасляваеннага беларускага грамадства фарміравалася не толькі поспехамі ў аднаўленні народнай гаспадаркі, энтузіязмам перамогі, але і ўсеагульным страхам, знявагай да чалавечай асобы, беззаконнасцю, дагматызацыяй грамадскай думкі. Магчымасць аўтарытарнага вырышэння пытання нараджала адчуванне безадказнасці ў адных і пасіўнасць у другіх, кансервавала грамадскую думку, стрымлівала яе развіццё аглядкай на высокія аўтарытэты. Пры вырашэнні надзённых пытанняў апелявалі не да патрабаванняў практыкі, а да падтрымкі гэтых аўтарытэтаў, перш за ўсё Сталіна. Імя Сталіна выкарыстоўвалася як сцяг, вышэйшая інстанцыя, апошні аргумент у любой спрэчцы. Сціплыя спробы ўзняць «хворыя пытанні» танулі ў агульнай плыні паўтораў афіцыйнага пункту гледжання і адзінадумстве. Быў працягнуты курс на нарашчванне эканамічнай магутнасці дзяржавы, замаскіраваны пад пабудову камунізму. Каркасам гэтага курсу з’яўлялася грамадска-палітычная сістэма сталінізму.