Читать «П"яўка» онлайн - страница 19
Юры Станкевіч
“Толькі што адбыўся замах на былога сакратара ідэалагічнага аддзела Партыі Бессмяротнасці Ёхана Цынка, які вяртаўся дамоў у квартал 240. Яго машына была абстраляна з аўтаматычнай зброі злачынцам, які знаходзіўся ў прыпаркаваным непадалёку пазадарожніку. Атакаваны чальцамі службы бяспекі нападаўшы быў забіты. Забіты два ахоўнікі. Ёхан Цынк не пацярпеў”.
“Так, — працягваў з экрана барадаты гаварун, — тысячы фанатыкаў-нацыяналістаў захочуць пасля смерці сваёй біямасы заставацца ў межах сваёй краіны і сваёй мовы, працягваючы слу-жыць нацыяналісцкай ідэі. Але, як мы ведаем, іх мала. Яшчэ менш тых, хто ўвогуле адвяргае бессмяротнасць, жадаючы жыць, як і раней, гаворачы пра нейкую ілжэнавуковую Сімуляцыю. Дык не, мы верым у новую тэхналогію. Бессмяротнасць патрэбна грамадству, каб тут і заўсёды жылі ўсе: вашы бацька, маці, бабуля, дзед, вашы дзеці. І менавіта новыя тэхналогіі дадуць нам усё гэта”.
“Выстава архідэй — таямнічых і загадкавых кветак, якія распаўсюдзіліся паўсюль, акрамя Ан-тарктыды, учора адкрылася ў Мегаполісе. Нягледзячы на катаклізмы, што прымусілі планету да разбуральных змен, — гэтыя кветкі незвычайна размножыліся, а іх здольнасць змяняць не столькі сябе, колькі свет, які іх акаляе, выклікае містычную вусціш”.
“Адказнасць за чарговы выбух на адным з заводаў Еўрабіі па вытворчасці вадкага паліва на ва-дародзе ўзяла на сябе экстрэмісцкая арганізацыя імя Міколы Тэслы”.
Пасля ўсялякіх слоўных ванітаў і працяглай рэкламы, мусіў транслявацца чарговы серыял, што і адбылося. Дарэчы, падобныя серыялы, бясконца паказваліся па ўсіх каналах і карысталіся, як ні дзіўна, вялікай папулярнасцю. Іх проста абажалі. Старыжытныя сур’ёзныя стужкі (за выняткам некаторых, таемна запампаваных у Сеціва) былі спаленыя, а новых фільмаў такога кшталту ствараць не было магчымасці з-за пераследу і адпаведнага пакарання. І калі па адзіночцы маг-чыма нехта і пісаў, як кажуць, у стол, то пачаць здымаць нешта — гэта значыць, адразу патрапіць на арышт, потым на ідэалагічную камісію і, як вынікам , у лагер. Збіраючыся з якой нагоды разам, асабліва па святах, “працаробы” спявалі песні з тых серыялаў. Героямі песняў былі ўплывовы крымінальнік, шлюха, валацуга, альбо дробны злодзей.