Читать «П"яўка» онлайн - страница 18
Юры Станкевіч
“Пераадолець смерць, — вяшчаў ён, — гэта адыёзная, нечуваная задача, якую раней чалавек не мог перад сабой паставіць, але гэта задача бачыцца вырашальнай сёння. Ёсць праблемная тэо-рыя і не спыняецца практыка, ёй заняты тысячы навукоўцаў. Цяпер замест марных дыскусій мы прапануем дакладную тэхналогію бессмяротнасці свядомасці. Гэта тэхналогія адразу зменіць усё наша жыццё. Знікнуць нацыянальнасць і яе атрыбут — мова... ”
Адначасова з гэтымі слоўнымі ванітамі, якія вяла ўспрымаў мой слых, вочы міжволі машынальна выхоплівалі змест амаль незаўважнага бягучага радка ў ніжняй частцы дысплея.
“Чарговы храм — напаўразбураны старажытны помнік хрысціянства — узарваны невядомымі экстрэмістамі ўноч з 21 чэрвеня гэтага года...” “Матч на першынство свету па баях без правіл па версіі АСП паміж чэмпіёнам Еўрабіі Алі Ду-ганам і першай пальчаткай Чайнаросі Лі Джунсянавым закончыўся перамогай Лі Джунсянава. Алі Дуган памёр праз тры гадзіны пасля заканчэння паядынку”.
“Каля 31-га паселішча раней арыштаваныя на месцы злачынства шукальнікі вады, якія прабурылі ноччу свідравіну і спрабавалі назбіраць вадкасці ў невялікую цыстэрну, прызналіся і далі паказанні”.
“Адзіная пакуль што бессмяротная істота на Зямлі — мядуза, якая здольная амалоджваць сябе бясконца” ”…Галоўнае для нас — перанос фокуса “Я” свядомасці на камп’ютарнае асяроддзе, — прадракаў далей футуролаг. — Як жа такое вырашаецца? А вось як: сама ўласцівасць памяці заключаецца ў тым, што яна пастаянна абнаўляецца, і прыкладна дзевяноста адсоткаў вобразаў перыядычна актыўна выкарыстоўваюцца праз асацыятыўныя сувязі паміж імі, зноўку нібы перазапісваючыся. Калі дапаўняльныя блокі памяці стануць таксама ўдзельнічаць у гэтым працэсе, то за кароткі тэрмін блокі будуць утрымліваць каля дзевяноста адсоткаў вобразаў з памяці свядомасці. А калі чалавек будзе жыць з гэтымі блокамі памяці пяць ці дзесяць гадоў, то яны будуць утрымліваць практычна сто адсоткаў вобразаў, якіх назапасілі за мінулы перыяд жыцця. Пытанне пераносу фокуса “Я” свядомасці вырашаецца такім чынам “само сабой”, бо смерць цела і мозгу не наносяць страты свядомасці, памяць якой і фокус “Я” па-ранейшаму паўнавартасна функцыяніруюць у дапаўняльных блоках памяці. Але вось душа? Як быць з ёй? — пытаюцца многія. Адразу скажу вам адказна: яна не матэрыяльная рэч, а значыць, яе няма… Замест яе мы маем фокус “Я” нашай свядомасці”.
“Кніга — самая шкодная рэч для грамадства. Яна слепіць вочы, атрафіруе слых, псуе мову, служыць распаўсюджваннем зжыўшых сябе ідэй і варожых намераў, абгрунтоўваючы пошук так званай Ісціны. Але што ёсць Ісціна? Ісціна — гэта мана. Здавайце кнігі службам бяспекі, знішчайце іх”.
“Віленій Магабва, жыхар 52-га квартала Мегаполіса разрэзаў з дапамогай электрычнай пілы свайго былога сужыцеля, а цела па частках вывез на звалку. Злачынца арыштаваны…” ”…Да гэтага часу, — прадракаў, між тым далей футуролаг, — галоўнай якасцю нацыянальнай прыналежнасці з’яўлялася мова. Менавіта яна дзяліла чалавецтва на народы. Але навошта нам цяпер асобная мова? Мы прапануем вам трансмог агульнай іншаземнай мовы. Падключаючы такі трансмог да сваёй сядомасці, вы імгненна пачнеце гаварыць на іншаземнай мове, як на роднай. Хто як хоча, той так і будзе гаварыць. Гэта адрыне ўсе нацыянальныя адрозненні паміж людзьмі. Моўныя трансмогі — бомба, якая ўзарве наш свет. У самы кароткі час адбудзецца нечуваная інтэграцыя чалавецтва ў адзіную супольнасць. Любы чалавек, выкарыстоўваючы трансмог любой мовы народаў свету, здолее стаць на нейкі час “свядомасцю іншай нацыянальнасці”, прыняўшы гэтую новую мову ў якасці другой роднай. Знікне ўсялякая ксенафобія. Далоў ксенафобскую прапаганду!” “Чарговы касмічны апарат класа “вояджэр”, які быў запушчаны некалькі гадоў таму з паверхні Месяца, як толькі вылецеў за межы Сонечнай сістэмы, перастаў выходзіць на сувязь з Зямлёй, паўтарыўшы тым самым лёс сваіх папярэднікаў”.