Читать «П"яўка» онлайн - страница 21
Юры Станкевіч
empty* * *empty
Разбудзіў мяне сігнал надалонніка. За акном ужо світала, тэмпература паветра крыху зменшы-лася, але было амаль таксама задушліва, як і ўчора вечарам.
Таймер паказваў чвэрць на сёмую гадзіну. Я са здзіўленнем пабачыў, як на дысплеі высвеціўся твар маёй учарашняй наведвальніцы — жанчыны па імені Мойра. Ужо выходзячы на сувязь, я машынальна адзначыў, што з яе боку было ўключана супрацьпраслухоўваючае прыстасаванне.
“Слухаю”, — чамусьці з хваляваннем сказаў я.
”У мяне намер зайсці да вас неадкладна. Вы адзін, спадар
Берташ?” “Так.” “Тады, калі вы не супраць, адчыніце дзверы. Я побач.” “Згода.”
Я яшчэ раз зірнуў на гадзіннік, каб упэўніцца ў тым, што не памыліўся і цяпер сапраўды яшчэ вельмі рана. Гэта жанчына зараз прыйдзе. Чаму яна спяшаецца? Яна адна, ці па-ранейшаму з тым маўклівым Платонам? — замільгалі ў маёй галаве недарэчныя і малавытлумачальныя пытанні. Урэшце, я адчыніў і стаў чакаць.
Праз некалькі хвілін учарашняя госця з’явілася на парозе.
Я ўбачыў, што замест сукенкі на ёй быў ільняны камбінезон са шлейкамі, а валасы на галаве падабраны пад спартыўны капялюш; толькі ўся вопратка чамусьці выглядала бруднай і ў некалькіх месцах была пашкоджанай. Праз аголенае перадплечча чырвонай пісягай цягнулася свежая драпіна. Жанчына выглядала не зусім адэкватнай, і я зразумеў, што нешта здарылася. Урэшце, я не памыліўся.
“Ваш спадарожнік, — спытаў я, — ён таксама прыйдзе?”
“Платон не прыйдзе”, — праз паўзу адказала яна і твар яе сутаргава перасмыкнуўся.
Я знерухомеў.
“Што здарылася?”
“У мяне праблема, спадар Берташ, — выдыхнула яна, — мне патрэбна дапамога”.
Я моўчкі ўзяў яе за руку, правёў у пакойчык і пасадзіў на канапу.
Але яна падхапілася з месца, скінула з галавы бейсболку і пачала нервова хадзіць: сем крокаў у адзін бок, паварочвалася і рабіла столькі ж назад.
“Здыміце чаравікі”, — прапанаваў я будзённае, чакаючы тлумачэння.
Яна паслухмяна скінула лёгкія туфлі, але хадзіць не кінула.
“У душавой ёсць вада?” — нечакана спытала яна, спыніўшыся.
“Наўрад ці”.
Тым не менш, я зазірнуў у душавую і павярнуў кран. Вада палі-
лася, і я ўспомніў, што пры засяленні заплаціў за кубаметр даволі адчувальную суму. Як заўсёды, ваду тут уключалі хіба што ноччу.
“Зараз, — сказала яна распранаючыся, — я ўсё растлумачу.
Толькі пастаю хвіліну пад душам. Вы не супраць? Я вельмі шкадую, што прымушаю вас непакоіцца. Прабачце”.
Яна знікла за дзвярыма, і я пачуў, як палілася вада, пасля чаго знайшоў свежы ручнік і, прыадчыніўшы дзверы, павесіў яго на вя-
шак. Мельгам я ўбачыў жанчыну, якая ўжо стаяла пад струменем вады, і ацаніў яе целасклад: стройныя доўгія ногі, акруглыя клубы, шырокія плечы — пэўна, такімі і выглядалі старажытныя амазонкі.
“У вас знойдзецца які халат?” — спытала яна праз хвіліну. Шум вады знік.
Я адказаў, што не нашу халатаў і прапанаваў ёй накінуць маю кашулю, на што яна моўчкі згадзілася.
“Мяне ўжо, магчыма, шукаюць, — неяк вяла канстатавала жанчына па імені Мойра. — Я мушу неўзабаве ісці”.