Читать «П"яўка» онлайн

Юры Станкевіч

Другі фронт мастацтваў

Юры Станкевіч

П’яўка

Мінск, 2010, "Галіяфы"

2010

Ад апавядальніка

Хроніка падзей, якая прысутнічае ніжэй, не ўяўляе сабой нешта незвычайнае. Урэшце, падзеі, аналагічныя апісаным, масава адбываліся ў сярэднявеччы, зрэдку могуць выявіцца і выяўляюцца ў наш час, і не толькі ва ўзгаданым мною месцы, а і ў любым іншым. Іх нават можна будзе, калі ранейшыя і забароненыя, цяпер паранавуковыя распрацоўкі здолеюць за больш спрыяльным часам прасунуцца дастаткова далёка, назваць тыповымі, хто ведае — хаця цяжка называць такімі некаторыя грахі і злачынствы, прыгаданыя ў прыведзенай хроніцы. У рэшце рэшт, аўтар, магчыма, і не гарантуе аўтэнтычнасці апісаных падзей з рэчаіснасцю. Свае ж суб’ектыўныя адносіны да ўсяго прыгаданага ён дастаткова характэрна выяўляе ў змешчаных у тэксце адступленнях і выніках пошукаў, над якімі ён працаваў, даводзячы іх да здавальняючай яго дасканаласці. Твор гэты аўтар хронікі называў іншым разам навуковапсіхалагічным доследам, а то і проста папераджальным зваротам да чытача, калі той чытач цярпліва дабярэцца да канца апісаных аўтарам падзей. Як саму хроніку, так і вынікі доследаў, пададзеных адносна вольным стылем, той жа аўтар даводзіць да ўсіх зацікаўленых людзей. Ён справядліва адзначае, што падзеі, якія адбыліся ў апісваемы ім перыяд і ў згаданым месцы, неардынарныя, але само месца — адно са шматлікіх яму падобных і наўрад ці вылучалася і вылучаецца нечым незвычайным. Маленькая кропка ў неабмежаваным Сусвеце, фрагмент Айкумены, раптоўна паражоны незразумелай і таямнічай хваробай, якую спрошчана можна назваць хіба што нязначным адхіленнем у жыцці.

І тое, што аўтар часам лічыць апісанае ім у хроніцы месца — апошнім месцам на Зямлі, гаворыць, магчыма, толькі пра агульную недасканаласць нашага свету.

Усё адлюстраванае ніжэй адбывалася, тым не менш, не ў старажытны час, а цяпер, напрыканцы другой чвэрці дваццаць першага стагоддзя, у ходзе працэсу так званай гуманізацыі тэхнасферы і адпаведнай тэхналагізацыі чалавека. І хоць наша цывілізацыя на сярэдзіну дваццаць першага стагоддзя ўсё яшчэ захоўвала рысы антропаморфнасці, соцыум ужо саступаў пад націскам біялагічных маргіналаў, існаванне і памнажэнне якіх абумоўліваецца паміраючай ідэалогіяй За-ходняй цывілізацыі. Біялагічная поліэтнічнасць забяспечыла, у прыватнасці, непрадказальную рэпрадуктыўную папуляцыю і ўпершыню ў гісторыі чалавецтва пачаў выяўляцца новы від ча-лавека, заснаваны на інвалюцыйным працягу роду і адпаведна разбурацца традыцыйная куль-тура. Цывілізацыйны канфлікт паміж светам варвараў і Атлантычнай цывілізацыяй у наш час амаль страчвае сваю моц і значнасць, бо колькасць белых людзей на Зямлі ўжо смехатворна ма-лая. І хоць расшыфроўкі генома, якія вяліся ўсе апошнія гады, біяпластычныя тэхналогіі, прасоўванні ў метадах сучаснай медыцыны, геннай інжынерыі дазволілі дагэтуль элітарнай меншасці нейкі час утрымліваць прыярытэт, рост спадчынных захворванняў, новыя віды эпідэмій, падзенне рэпрадукцыйнасці, дэпапуляцыя асобных этнасаў, а таксама шэраг экалагічных і тэхнагенных наступстваў — так званыя Непажаданыя Падзеі — зрабілі сваю справу: скіравалі чалавецтва ў бок татальнай дэградацыі, якая, між тым, пачалася даўно, але ціхамірна і незаўважна, набіраючы моц з вынікаў так званай дэмакратыі: мазахісцкага прыніжэння перад масамі, навязвання роўнасці, сексуальных рэвалюцый і канчатковай эмансіпацыі жанчыны.