Читать «П"яўка» онлайн - страница 15
Юры Станкевіч
“Я магу вызначыць, у чым там у вас справа? Дакладна?”
“Мы не рызыкуем растлумачыць. Можа, нечысць, можа, яшчэ нешта. Кажуць, продкі раз-пораз сутыкаліся з такім і ведалі, што рабіць. Цяпер веды згубіліся. Хіба што ваш бацька валодаў імі і перадаў вам. Мы спадзяёмся.”
Урэшце, доўга думаць я не збіраўся. Любая праца ў маім цяперашнім становішчы была рата-вальным сродкам. Я разумеў, што і маім наведвальнікам гэта цяпер добра вядома.
“Заўтра, — тым не менш, паўтарыў я. — Трэба, як кажуць, параіцца з падушкай.” “Вы дасцё нам нумар свайго надалонніка?” — спытала жанчына. “Запішыце,” — праз паўзу прапанаваў я.
“У гэтым няма патрэбы. У Платона выключная памяць. Урэшце, як і ў мяне.”
Я назваў лічбу.
“Спадзяёмся, што мы неўзабаве хутка пабачымся,” — сказала жанчына, якая назвалася Мойрай.
Раптам яе спадарожнік, на імя Платон, зірнуў на гадзіннік і падняўся з крэсла. Я адзначыў, што, нягледзячы на мажнасць, рухі яго былі лёгкія і імклівыя, як у жывёлы з пароды каціных.
“Нам пара, — сказаў ён. — Выбачайце, але нас чакае больш важная справа.”
Я таксама ўстаў з-за стала, і праз кароткую паўзу чамусьці паціснуў яму руку, пасля чаго яны развіталіся і адразу пайшлі.
Застаўшыся адзін, я пачаў абдумваць нечаканую прапанову, але думкі мае ўвесь час вярталіся да жанчыны, якая назвала сябе Мойрай. Я спрабаваў гадаць пра тое, колькі ёй можа быць гадоў, чым займаецца, яна свабодная, ці ў яе ёсць мужчына, хто ёй гэты маўклівы Платон. Але неўзабаве кінуў гэты пусты за нятак. Урэшце, я нават прыблізна не ведаю, што хочуць тыя госці. Ад мяне, лічу, не варта чакаць якіх слушных аналітычных меркаванняў, бо я наўрад ці дасканала валодаю хоць якім больш-менш адчувальным дарам тэарэтычнага мыслення. Так, у мяне гэтага, на жаль, няма, ёсць хіба што толькі інтуіцыя.
Кажуць, жыццё немагчымае, зыходзячы з сучасных фізікаматэматычных уяўленняў, але яно існуе і ўпарта хавае ад нас свае асноўныя таямніцы. Ці хопіць маіх ведаў, каб дапамагчы тым загадкавым гасцям? Як яны ўвогуле “выйшлі” на мяне?
Таксама праз інтуіцыю? Урэшце — гэта не вялікая , а ўдача, хоць і нечаканая.
Мой старога веку ноўтбук, які перадусім быў даўно мною ўключаны, ціха пераліваўся каляровымі рыбінамі на дысплеі.
Я набраў слова-пароль і пачаў няспешна падарожнічаць сярод шматлікіх блогаў. Па тэме, якая мяне асабліва цікавіла, усе яны, вядома, укараняліся ў Сеціва выключна ананімна. Неўзабаве я натрапіў на тое, што мне і было патрэбна: блог 2412. Як я зразумеў, мне было адрасавана запісанае ў выглядзе старажытнага вярлібра пасланне — звычайны рэйв, няйнакш. Я знайшоў прамое ўпамінанне аб месцы — Новы Эдэм. Урэшце, гэта можна было тлумачыць і адвольна.