Читать «Ноч маладзiка (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Андрей Дмитрук

Правёўшы яе вачыма да голага, чорнага, як на гравюры, лесу, дзе ў далёкай будучынi ўзнiкне сяло Х..., Серж адвярнуўся i ўпэўнена пайшоў да брамы. Яшчэ колькi крокаў, i ён убачыў скучаны, як чараду куранятаў пад крылом у квахтухi, дымны горад. Дымiла зборышча двухсхiльных дахаў, якiя раслi проста з зямлi. У велiзарнай калюжыне пэцкалiся дзецi, ухутаная баба цягнула вядро з калодзежа. На тым канцы сяла палiлi салому ў яме - мабыць, дзеля ганчарскiх патрэб. Серж знайшоў вачамi сваю хату i ўспомнiў, што абяцаў малодшым братам засекчы сёння пеўня. Што ж, ён быў кавалём i ювелiрам, i яго прызначылi ў коннiцу рэзерву на той выпадак, калi атрад будзе разбiты i давядзецца абараняць падыходы да гарадзiшча.

Мне здалося, што я нечага не ўлавiў. Серж растлумачыў, што, пачынаючы з моманту, калi ён абмацаў на сабе скураны даспех, ён несупынна адчуваў нейкае раздваенне свядомасцi. Прычым асоба Сяргея Iўчанкi, металафiзiка XX стагоддзя, саступiла ў цень, толькi кантралюючы душу архаiчнага славянiна - маладога каваля i кармiцеля шматдзетнай сям'i, да самазабыцця закаханага ў "царыцу". Бадай, менавiта бяздзейнасць асабiстых пачуццяў зберагла ў першыя часы майго сябра ад жаху перад адлегласцю ў шмат стагоддзяў памiж жыццём цяперашнiм i мiнулым...

Такiм чынам, чалавек з двайною свядомасцю, расплюхваючы ботамi дарожную гразь, увайшоў у агароджу з масiўных завостраных калодаў. На круглым цэнтральным насыпе тырчалi нязграбна вычасаныя, рознай вышынi кумiры, быццам сям'я апенькаў на пнi: зубы ўстаўлены сапраўдныя, мядзведжыя, вочы абведзены кругамi вохры.

Брама ахоўвалася. Серж (ён бо каваль) перакiнуўся салёным жартам з вартавымi. Розум кантраляваў майго сябра, але ўлоўлiваў, аднак, не столькi мову, колькi агульны сэнс i настрой.

Здаецца, што шустры воiн рэзерву ледзь не да захаду сонца жлукцiў са збана хмельнае пiва пад павеццю, заядаў хлебам з часнаком, гуляў з таварышамi ў косцi ды бегаў да агароджы па малой патрэбе, бо пiва было выпiта вельмi многа. (Як я i меркаваў, гулялi на iншаземныя срэбныя манеты.) Маладзейшыя воiны гарачылiся, хапалi адзiн аднаго загрудкi; старэйшыя, час ад часу выцiскаючы хмель з доўгiх вусоў, трымалiся спакойна i разважлiва, нават калi прайгравалi. З iх пахвальбы ў застоллi Серж зразумеў, што каваль ужо не раз панюхаў крывi дзёрзкiх качэўнiкаў: сякерай выбiваў iх з сядла, калоў кiнжалам, стрэламi тапiў плыўцоў. Дачакалiся вясны, зноў набеглi - дык што ж, павесялiмся як мае быць...

Урэшце, бойку пачалi менавiта старэйшыя.

Руды рымар абвiнавацiў паважнага хлебапёка ў махлярстве i запусцiў у яго iгральныя косцi. Хлебапёк няспешна адцiснуў пiва з доўгiх вусоў - i раптам каршуном кiнуўся на крыўдзiцеля. Абодва пакацiлiся па земляной падлозе. У гэты момант з дзiкiм крыкам на ўпараным канi падляцеў вястун...

Прыйшла Сержава чарга спускацца на рослым гнядым жарабцы па слiзкiм схiле, левай рукой з наматанымi павадамi трымаючы дзяржальна чырвонага шчыта, праваю сутаргава сцiскаючы тапарышча.