Читать «Ноч маладзiка (на белорусском языке)» онлайн

Андрей Дмитрук

Дмитрук Андрей

Дмитрук Андрей

Ноч маладзiка (на белорусском языке)

Андрэй Дзмiтрук

Ноч маладзiка

Пераклад: Павел Марцiновiч

Толькi цяпер, пасля раскопак, магу я сказаць сёе-тое пра знiкненне Сяргея Iўчанкi.

Сёе-тое, але нiчога такога, што магло б, скажам, спатрэбiцца работнiкам мiлiцыi. (Я ўжо даўно ведаў, што Серж знiк: я вытрымаў шматдзённую буру тэлефонных званкоў яго мацi, быў вымушаны ўдзельнiчаць у няўцямнай Iрынiнай мiтуснi па горадзе, але цалкам адчуў прапажу толькi перад РАУС, дзе красавалiся на стэндзе вышуку лiстоўка "Знайсцi чалавека" з фотакарткаю Iўчанкi.) Магчыма, я адзiны, хто здагадваецца, дзе цяпер Серж. Калi я нават маю рацыю, дык вярнуць яго да нас не лягчэй, чым з таго свету альбо з iншай Галактыкi. (Гэта быў добра вядомы мне здымак, прафесiйны, хоць i зроблены ў хатнiх умовах. Здымаў наш прыяцель - аператар кiнакронiкi; фонам служыла белая прасцiна, павешаная на сцяну. Святы Божа, каб мы ведалi, дзеля чаго паслужыць гэтая зробленая пад мухай фатаграфiя! Паважны Серж са сваiмi крыху лупатымi вачыма i роўна падстрыжанымi светлымi вусiкамi глядзеў з мiлiцэйскага стэнда, захоўваючы выраз камiчнага пафасу: разварот у тры чвэрцi, нiжняя губа выпнутая, галава задраная...)

Так, ён лiчыўся маiм найблiжэйшым сябрам. Адзiнаццаць гадоў мы з iм прагульвалiся, ездзiлi на пляж i ў грыбы, хадзiлi ў кiно цi ў тэатр, фiласофствавалi за шклянкай вiна - адным словам, вадзiлiся, як заведзена ў людзей, што любяць адзiн аднаго i не звязаны нiякiмi дзелавымi зносiнамi. Разоў колькi Серж зрабiў мне пратэкцыю ў якiхсьцi службовых асобаў, колькi разоў i я "закiнуў слоўца" за яго; трохi больш было выпадкаў грашовай узаемавыручкi. На падставе гэтага мне цяжка сказаць, цi пайшоў бы я з Сержам "у разведку" i як бы ён паставiўся да мяне ў гэтай "разведцы". Пэўна, не горш, чым я - да яго. Магчыма, мы сапраўды былi сябрамi.

Серж вызначаўся высокiм ростам, меў роўную мужную паходку i выдатную выпраўку, але ж вялiкiм поспехам нi ў грамадзе, нi ў жанчын ён не карыстаўся. Нямала людзей намнога саступаюць яму i вонкава i духоўна, але пры гэтым нейкая беспамылковая iнтуiцыя падказвае iм, як сябе паводзiць, што дзе сказаць... Такi чалавек у любы момант адчувае сябе нiбы рука ў зручнай пальчатцы. Нахабнасць, хамства, непрыкрыты эгаiзм - усё яму даруецца. Затое прыгожаму, вытанчанаму, чуламу Сержу з яго прыемным мяккiм нiзкiм голасам i дагледжанымi рукамi - менавiта яму не даравалi нiякай памылкi. I было гэта з прычыны яго вечнай няўпэўненасцi ў сабе. Дастаткова было каму-небудзь адпусцiць у яго бок iранiчную рэплiку альбо жанчыне зашаптаць сяброўцы на вуха, паглядаючы пры гэтым на Сержа, каб ён разгубiўся, зрабiўся нудны, пануры i ў рэшце рэшт змоўк зусiм падчас ледзьве не са слязьмi ў вачах. (Мабыць, поўнае раўнадушша да людзей i да iх поглядаў - гэта i ёсць сакрэт поспеху памянутых мною генiяў адаптацыi?..)

Серж даволi часта ўлюбляўся, i многiя ахвотна прызначалi яму сустрэчу, але хутка расчароўвалiся, бо мой рамантычны сябра ўжо лiчыў выбраннiцу незвычайным стварэннем, сваiм другiм "я" i абрушваў на яе ўсе свае перажываннi i выпакутаваныя думкi. Убачыўшы, аднак, што цудоўная дама становiцца ўсё больш халодная, мой сябар пачынаў дапякаць ёй настолькi палкiмi i патрабавальнымi прызнаннямi, што ўмомант адпужваў яе канчаткова. (Ён быў адзiны сын, яго бацькi выязджалi ў доўгiя камандзiроўкi, i Серж з малалецтва заставаўся пад наглядам старэнькай бязвольнай бабулi, сам-насам з велiзарнай бiблiятэкай.)