Читать «Ноч маладзiка (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Андрей Дмитрук

Вiр конскiх i людскiх цел, уздымаючы пырскi снежнай калатушы, кiпеў на раўнiне, але няўхiльна перасоўваўся да ўзгоркаў. Гняды Сержаў конь сам прыбавiў хады. Плясканне соцень капытоў, iстэрычнае ржанне сталi аглушальнымi. Мiльгацелi чырвоныя плямы шчытоў. Абаронцы гарадзiшча маўчалi i толькi рэзка хакалi, выкiдваючы паветра пры ўдары, - затое стэпавiкi, якiя адцяснялi невялiкi атрад, старалiся запалохаць яго, шалёна равучы.

Гэты страшны вiр разбiўся на асобныя паядынкi. Напэўна, нервы ў Сержа як у гараджанiна атамнай эпохi не вытрымалi б вiхравага наскоку двух вiскучых малайцоў са старэчымi тварамi тытунёвага колеру, абвешаных лiсiнымi хвастамi. Але Серж-каваль, п'яны ад крыважэрнага азарту, падняў гнядога на дыбкi, i той сваёй масай павалiў прысадзiстага стэпавага конiка... Штосьцi захрабусцела i правалiлася пад капытамi... Правым повадам ён завярнуў каня на месцы i паспеў шчытом адбiць шаблю другога працiўнiка.

Потым iнтэлiгентны двайнiк з дваццатага стагоддзя, вiдаць, упершыню перайшоў ад кантролю даўмяшання ў душэўны лад каваля. Да тае пары сумленны прашчур i не здагадваўся, каго ён цягае ў сваiм хударлявым мускулiстым целе. Не лязом, а чамусьцi бокам упала, дрыгануўшы, сякера на малахай стэпавiка. Аглушаны, быццам заснуўшы на хаду, той торкнуўся носам у грудзi.

Баюся, што прычынай усёй пазнейшай трагедыi, а значыць, i знiкнення Сержа праз месяц, было абвостранае пачуццё самазахавання майго сябра. Узяўшы на нейкi час лейцы свядомасцi, каваль волатаўскiм наскокам прабiўся на гарачую лiнiю, дзе нашым удалося згуртавацца i стрымлiваць нацiск асноўных сiлаў качэўнiкаў. Там, з тварам, аблепленым мокрымi валасамi, адчайна секлася маладзенькая "царыца". Серж бачыў, як ададзьмула яна з губ непакорную мокрую пасму i зноў, прыкрываючыся знявечаным шчытом, наводмаш выкiдала тонкi меч. Пунсовыя кроплi, пунсовыя ручаi змешвалiся з патокамi гразi на малочнай скуры яе каня.

Раптам некалькi стэпавых канякаў разам спатыкнулiся, спалохана заржалi i пайшлi бокам, штурхаючы адна адну. Гэта навалiўся натоўп стэпавiкоў, якiя да гэтага часу не ўдзельнiчалi ў баi: такая была скучанасць працiўнiкаў вакол адчайнай дзяўчыны...

Яе акружылi з дружным вiскам, засланiлi лесам дзiдаў, калматымi прысадзiстымi спiнамi, шапкамi. Спатыкнуўся i ледзь не па-чалавечы крыкнуў белы конь...

О час, капрызны час! Навошта ўкаранiў ты ў простую i смелую душу закаханага воiна чужыя, распешчаныя, эгаiстычныя пачуццi далёкага нашчадка? Ужо магутны гняды скакун, як угневаны бог - заступнiк гарадзiшча, уварваўся ў гурт стэпавiкоў. Ужо павярнулiся дзiкiя потныя твары пад малахаямi i кавалёва сякера жудасна трэснула па чыiмсьцi пераноссi. Ужо ляцелi насустрач, скрозь блытанiну чорных валасоў, раскрытыя ў захапленнi карыя вочы. Якая падзяка была ў iх, якое абяцаннеi Яна ўсмiхалася яму, яна тоненька крычала - ужо без шчыта з крывавай ранай пад левым вухам.

...О, якi моташны гэты пах - нямытай плоцi, гнiлых зубоў! Гэтая адрыжка зброджанага кумысу. Распораты кафтан, шчымiць садраная скура на баку. Руды дзяцюк з галавой, бы кацёл, без шыi, са сляпымi шчылiнамi вачэй на ўспухлым твары - ажыўлены каменны iдал стэпу - спрытным ударам сарваў верх шчыта. Гняды яшчэ круцiўся на месцы, паслухмяны вопытнай руцэ каваля - але, мабыць, сама прырода, маючы ў адным мозгу дзве свядомасцi, вывела "наверх" тую з iх, якая iмкнулася захаваць цела...