Читать «Ноч маладзiка (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Андрей Дмитрук

Адступаць было позна. Серж паклаў на руку печыва i падаў яго. Далiкатныя, сухiя, халаднаватыя губы слiзганулi па далонi. Дзiўнай аброццю ўтаймоўвалi гэтага жарабца: пад падбародкам матлялiся, выклiкаючы знаёмы звон, мудрагелiстыя нашараваныя цуглi, на шчоках блiскалi фiгурныя бляхi... Прафесiйнае Сержава вока нават пры скупым месячным святле ўмомант вызначыла бронзу.

Зрэшты, у паводзiнах каня не было нiчога казачнага;

Злiзнуўшы адно печыва, ён стаў абмацваць губамi мяшочак, а калi Серж адняў руку, каб дастаць новую порцыю, нецярплiва застукаў нагой...

Далей Сержаў расказ стаў дзiўны i не вельмi складны. Сябра блытаўся, па некалькi разоў вяртаўся да аднаго i таго ж, змаўкаў, упарта гледзячы сабе пад ногi, i штохвiлiнна то задаваў мне пытанне: "Няўжо так з'язджаюць з глузду?", то малiў не лiчыць яго вар'ятам, таму што "ўсё было так рэальна".

Здаецца, быў нейкi недаступны свядомасцi iмгненны пераход i ноч, поўная ўрачыстай цiшынi канца лета, стала вiльготным няяркiм сакавiцкiм днём. Шлёпалi капыты, распырскваючы калатушу бруднага снегу, хвацкiя воклiчы вершнiкаў перакрывалi ржанне. Коўзаючыся i прысядаючы крыжамi, конi з апаскаю спускалiся па схiле. Кучаравыя даўгавухiя воi, апранутыя ў скуру з грубымi жалезнымi пласцiнамi, у простыя круглыя шлемы, з усяе сiлы нацягвалi павады, i вiселi каля сядла пунсовыя шчыты.

Белы жарабец гарцаваў перад Сержам. Коннiца абыходзiла яго з двух бакоў. Але цяпер д'ябальскi конь быў асядланы, i на iм, боцiкамi ўпiраючыся ў страмёны, сядзела маленькая жанчына-коннiк з вялiкiмi вачыма.

Мяркуючы па ўсiм, уражанне, зробленае ёю на майго сябра, было неверагоднае. Ён называў тую жанчыну "царыцаю", хоць яна была кiмсьцi накшталт камандзiра коннага атрада. Юны твар, круглы i шыракаскулы; лёгкi шрам, якому нос быў абавязаны сваiм задраным кончыкам; неадкрытыя смаляныя валасы да лапатак - забаўка золкага ветру. У яркiх цёмна-карых вачах вясёлае шаленства, напышлiвасць, гарэзлiвасць. Гледзячы на ма ленькiя i абветраныя рукi, якiя ўладна трымалi павады, Серж падумаў, што вершнiцы будзе радасна адным дакладным ударам развалiць плячук ворага. Яна выклiкала страх i вабiла, як маланка. Зверху кальчугi - расхiнутая безрукаўка з сiвае воўчае шкуры, да бронзавага пояса прывешаны меч, якi звужаўся па ўсёй даўжынi.

Жанчына кiнула Сержу адну толькi фразу, кароткую i звонкую, нiбы каманда. Цi то тыя словы былi ўсё-такi падобныя да расейскай мовы, цi то па iншай, толькi пазней угаданай прычыне, але ён зразумеў, што "царыца" паўжартам пагражае яму сваiм гневам, калi падвядуць падковы... Потым яе ўвагу адцягнулi крыкi i рогат воiнаў. Маладзенькi коннiк з тонкай шыяй i недарэчна шырокiмi пад бычынай скурай плячыма, амаль хлопчык, памылiўся i даў шэнкеля на слiзкiм схiле, замест таго каб асадзiць... Iрвануўшыся, конь павалiўся на каленi, i юнак кулём вылецеў з сядла. Пакацiўся шлем, "царыца" фыркнула, нiбы дзеўчанё. Воiны дражнiлi юнака, клiчучы па iменi: "Усясвет, Усясвет!"