Читать «Ноч маладзiка (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Андрей Дмитрук

Потым жанчына, ужо не цiкавячыся Сержам, абцасамi выцяла каня i стала спускацца разам з усiмi, пагойдваючыся станам. Белабрысы Ўсясвет нязграбна паднiмаўся, абцiраў рукавом гразь з твару. Хтосьцi, праязджаючы, торкнуў яго тупым канцом дзiды, i маладзён выцягнуўся дагары iзноў...

Апамятаўшыся пасля сустрэчы з "царыцаю", Серж выявiў, што i сам апрануты ў цесны сырамятны каптан з нагруднымi пласцiнамi зверху шэрай палатнянай кашулi навыпуск, што за поясам у яго сякерка з доўгiм вузкiм лязом, на пальцы бронзавы пярсцёнак, скураныя штаны ўвабраны ў мяккiя боты накшталт каўказскiх.

Ужо не ўпершыню адчуваючы нядобрае ў гэтым расказе, я запытаўся ў яго: як выглядалi рукавы ў кашулi?

Ён задумаўся на iмгненне i адказаў:

- Доўгiя, з чырвонай вышыўкай - такi двайны радок каля запясця.

- А канцы, канцы рукавоў? Зашпiльвалiся?

- Не, суцэльныя, вельмi цесныя. Калi адзяеш альбо здымаеш, ледзь-ледзь кiсць прасунеш.

Прызнацца, гэтая дэталь уразiла мяне больш, чым усе чары ў Сержавым расказе. Узнаўляючы вопратку жыхароў гарадзiшча, якое належала да вялiкай правабярэжнай культуры, мы бiлiся над шматлiкiмi пытаннямi, у тым лiку - пра зашпiльку рукава. Мастакi, iлюстраваўшы нядаўна вялiкi акадэмiчны зборнiк, старалiся "хаваць" запясцi воiнаў, найчасцей за шчытом... Толькi нядаўна выказалi найбольш абгрунтаванае меркаванне, што кашулю шылi з шырокiм рукавом, якi ўшываўся па руцэ воiна. Серж пра гэта ведаць не мог...

Я змоўчаў. Але, праўду кажучы, пачаў куды больш уважлiва слухаць блытаную аповесць, часцей задаваць пытаннi. Сам таго не ведаючы, Серж ператвараў кучу разрозненых археалагiчных ведаў у гарманiчную, стройную сiстэму, адною без асаблiвай увагi кiнутаю дэталлю ён запаўняў прагалы, якiя дзесяцiгоддзямi мучылi навуковы свет. Мiмаходам разбiў ён многiя гiпотэзы, зноў-такi яму невядомыя, бо адкрытых публiкацый не было. А паасобныя, у тым лiку - о радасць! - i мае, пацвердзiў. Марозам апякала мне спiну, як у Сержа ноччу ад звону аброцi, калi ён пачынаў апiсваць якi-небудзь прадмет збруi, зброi, побыту, нават не ведаючы яго назвы, i пры гэтым выяўляў надзвычайную дакладнасць!

Карацей кажучы, пакуль Серж гаварыў, мае пытаннi былi сур'ёзныя, а адказам я верыў i памiж волi прыкiдваў, якую буру могуць выклiкаць некаторыя адкрыццi...

З'ехаўшы з узгорка, воiны пускалi коней у галоп. З гучным гоманам i посвiстам iмчалiся па мокрай, раз'езджанай капытамi раўнiне. Лебядзiнымi крыламi ўскiдваючы грыву, наводшыбе ад гнядых i буланых слаўся белы гiпагрыф, у думках празваны Сержам "Машынай часу". Можна было разабраць, як кучаравяцца чорныя валасы маленькай амазонкi i сонца ўспыхвае на яе поясе...