Читать «Ноч маладзiка (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Андрей Дмитрук

Далей, далей ад бязлiтаснай смяротнай сталi! Ён адчуваў сябе голым, безабаронным, як смоўж, выдраны з ракавiны. Скура, мышцы, косцi - усё здавалася такiм крохкiм.

Ён першы раз заўважыў, як страшэнна здранцвелi рукi, асаблiва правая, з сякерай, i якi гарачы боль у параненым баку i ў крыжы, адбiтым пры скачцы. Зблыталiся дакладныя баявыя рухi, некуды ў сумятню футраў, ботаў, шабляў паляцеў кiнуты чырвоны шчыт. Не помнячы нi пра што, акрамя свайго выратавання, утрапёна малоцячы гнядога абцасамi i тапарышчам, iрваўся Сяргей Iўчанка уласнай персонаю, без усялякiх там двайнiкоў! - прэч з мiтуснi бою, дахаты, дахаты!..

...Светлая вада свiтання насычала сiнюю губку неба. Кажаны мiтусiлiся, ледзь не зрываючы начыненыя пухам галоўкi спелага чартапалоху. А Серж усё сядзеў, трымаючы руку Iрыны, якая яшчэ спала, i спрабаваў уцямiць, што гэта за белы будынак з купалам узвышаецца над лесам у тым баку, дзе Горад. Абсерваторыя, мабыць?

Прастора рабiлася па-ранiшняму неабсяжная, выразней вызначалiся дарогi i абрысы палёў. Маладзiковы сярпок ужо не асвятляў неба, а неяк дэкаратыўна прыткнуўся над зiхатлiваю рысаю ўсходу. Холад працiнаў да нутра. Дрыжучы i ляскаючы зубамi, Серж прымусiў сябе ўстаць i выправiўся шукаць сушняк.

На пад'ёме седлавiны Серж падабраў папяровы мяшочак i адразу з прыкрасцю кiнуў, бо папера аказалася мокрая ад расы.

Вярнуўшыся з ахапкам сухiх сцяблоў i вырашыўшы скарыстаць для распальвання пакеты з-пад ежы, ён раптам успомнiў. Мяшочак быў Iрын, у iм прынеслi з дому цукровае печыва. Мяшочак ляжаў далёка ад начлегу. Мяшочак быў пусты - значыць, печыва...

Шпурнуўшы галлё, ён кiнуўся назад да скамечанай паперкi, якая атрымала цяпер пагрозлiвае значэнне. Трава i канюшына вакол яе былi ўтаптаныя ў зямлю конскiмi капытамi...

Ён змоўк i стаў глядзець на мяне з такой просьбай, з такiм чаканнем, што я зблытаўся i адразу ж прыдумаў нейкае даволi складанае тлумачэнне. Маўляў, i ў мяне бываюць раскошныя сюжэтныя сны, я нават некаторыя запiсаў, а можа быць, гэта i не сон увогуле, а якая-небудзь "спадчынная iнфармацыя", абуджаная адпаведнымi абставiнамi, - ёсць такiя гiпотэзы...

Белага каня, адпушчанага пасвiцца на начлег, Серж, вядома, кармiў, а ўсе наступныя падзеi - "сам разумееш"...

Ён не чакаў iншага адказу: падзякаваў, пацiснуў мне руку, мы пайшлi есцi марожанае, прычым Серж па маёй просьбе ўспамiнаў усё новыя падрабязнасцi прадметаў, але рабiў гэта ўжо амаль спакойна. Здаецца, я пераканаў яго больш, чым сябе. Ува мне штосьцi ныла, быццам я наўмысна схлусiў...

Што яшчэ я магу сказаць?

Да сну на гарадзiшчы мы з Сержам вярталiся неаднаразова. Урэшце ён адкрыўся i Iрыне.