Читать «Ноч маладзiка (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Андрей Дмитрук

- Не дрэйфi, стары. Няма лiха без дабра. Здаецца, з часоў будатрада не спала на траве, пад адкрытым небам. Давай тут заначуем!

- Проста тут?

- Ага! Я стамiлася страшэнна. А месца якое! Бачыш гваздзiкi?

- Вось iменна, я не ведаю, якое гэта месца...

Iрына з размаху села ў траву i пастукала далонню па зямлi:

- Даставай падсцiлку. Ну? Да ранiцы зямля будзе халодная i мокрая...

Тут Серж перапынiў свой расказ, каб патэтычна ўсклiкнуць, хапаючы мяне за руку.

- I я ж усiм нутром адчуваў, што нельга тут заставацца, а ўсё ж такi застаўся! Ну, цi не баба я? Апошняя баба!

Iрына заснула першая, моцна абняўшы мужа i прыцiснуўшыся да яго ўсiм целам. Яе цёплае дыханне, рытмiчна дакранаючыся да Сержавай шчакi, паступова заваражыла яго...

Ён прачнуўся да рэзкага холаду. Iрына варочалася ў сне, адкацiлася i ляжала цяпер, скруцiўшыся абаранкам, каленi да падбародка, напалову па-за падсцiлкаю. Серж паспрабаваў асцярожна, каб не разбудзiць, перацягнуць яе назад. I раптам пачуў цiхае металiчнае пабразгванне. "Быццам нехта падтрэсваў вязкаю ключоў".

Трывога, якую не развеяў i сон, прымусiла яго замерцi на месцы. Маладзiковая ноч разгарнулася над вышынямi ўзлахмачаных узгоркаў, дражнячы халодным ветрыкам. Толькi па адсутнасцi зораў можна было пазнаць шапку гарадзiшча. Серж падняўся на каленi, потым устаў.

Унiзе, на раўнiне без агнёў, пазнавалiся толькi светлыя плямы сажалак, дарога i многа далей, за масiвамi чорных лясоў, сам гарызонт, абведзены электрычным зарывам Горада. Горад быў недасягальны, як задыякава святло. Ад нябачнай бахчы, дзе перад захадам сонца весялiлася Iра, нагой качаючы слановыя чарапы гарбузоў, нехта ўзбiраўся па схiле, цмокаючы i брынкаючы металам. Жах праняў Сержа да кончыкаў пальцаў, ён ледзь быў не закрычаў на ўвесь голас, але стрымаўся, прыкусiўшы костачкi рукi.

Цяпер ён выразна бачыў, як падымаецца на ўзгорак высокi белы конь, напружыўшы мышцы лапатак i дужай шыi. Конская галава кiвалася пры кожным кроку, падкрэслiваючы, якiх намаганняў каштуе яму пад'ём.

Як i ўсе гараджане, Серж ведаў, як гукаюць сабаку цi кошку, але звяртацца да каня, натуральна, не ўмеў. Таму ён не знайшоў нiчога лепшага, як памахаць рукою, свiснуць i прахрыпець тэатральным шэптам:

- Гэй, ты! Хадзi сюды!..

На здзiўленне, конь спынiўся i натапырыў вушы. Потым павольна павярнуў галаву да Сержа, быццам нечага чакаў.

- Зараз, галубок, зараз, мiлы, - замармытаў ён, вызваляючы сваю сумку з-пад Iрынай нагi, стаў лiхаманкава рыцца ў ёй. Сёння ўдзень яны з Iрынай наелiся булкi з сочывам i таму праiгнаравалi мяшочак цукровага печыва. Ах, як гэта печыва цяпер дарэчы.

Серж абышоў Iру, якая спала, i з мяшочкам у выцягнутай руцэ, з нейкiм супакойлiвым лепятаннем, пайшоў насустрач госцю.

Як толькi ён наблiзiўся ўсутыч, да яго вярнулася цёмнае, непрыемнае пачуццё - небяспека. Конь быў неверагодна прыгожы. Сельскiя працоўныя канякi гэтак не глядзелiся... Узняўшы шыракалобую галаву з раздзьмутымi ноздрамi, фанабэрыста глядзеў з-пад аксамiтных вейкаў даўганогi месячна-белы конь, варты Георгiя Перамоганосца. Капыты яго зграбна прытанцоўвалi, сталёвая пругкасць адчувалася ў круглых бабках. З-за крыжа, акрэсленага, як амфара, выбiваўся пышны, аж да зямлi, снежны хвост. Шыя над магутнымi грудзьмi, з ямачкай пад горлам, нагадвала пра лебедзя i казачнага змея. Конь капрызна страсянуў галавой, i велiчэзная шаўкавiстая грыва, узвiхрыўшыся, застыла на iмгненне, як пры запаволенай кiнапраекцыi. У непраглядных вачах адбiлiся два маладзiкi, надаўшы яго погляду выраз дзiкай неўтаймоўнай волi.