Читать «Ноч маладзiка (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Андрей Дмитрук

Выслухаўшы, яна сказала менавiта тое, што мы ад яе i чакалi: "Ах, Сяргей ты, Сяргей, чаго ж ты мяне не пабудзiў, калi кармiў гэтага красуна? Можа быць, мы б з табою ўдваiх туды трапiлi!" Наконт маладзенькай "царыцы", якая iграла такую ролю ў прывiдах мужа, Iра заўважыла з наўмыснай няўважнасцю: "З дзяцiнства на канi - значыць, ногi ў яе як колы!" Але пасля ўсiх гэтых какетлiвых дробязей быў пушчаны ў ход адточаны Iрынiн iнтэлект. Яна сказала, што, маўляў, даўно задумваецца пра дынамiчную i складаную структуру часу. Што анiзатропнасць часу ў яе пад сумненнем i ў класiчную ўэлсаўскую машыну часу яна не верыць i ва ўсе парадоксы, якiя ўзнiкаюць з яе, накшталт забойства свайго прапрадзеда, не верыць таксама.

Магчыма, iснуе нейкi перанос iнфармацыi, калi субстрат, якi знаходзiцца ў мiнулым, кадзiруецца звесткамi з будучынi.

Карацей кажучы, наш сучаснiк можа трапiць у мiнулае толькi часова, пасялiўшы сваю свядомасць у целе аднаго з продкаў, а затым "перазапiсаўшы" яго назад з новым грузам памяцi...

Пазней я скемiў, што ўсе Iрынiны разважаннi - толькi данiна яе любовi да парадку i завершанасцi. Няхай яе з Сержам гняздо шырокае, няхай яно змяшчае i мiнуўшчыну i будучыню, але гняздо павiнна быць абаронена з усiх бакоў. Нiякiх трывожных нявырашаных пытанняў. Яснасць.

Мне ж Iрынiна гiпотэза здаецца вельмi няпоўнай, яна адлюстроўвае толькi адну грань iсцiны... Мы ж самi, рэчыва, з якога мы складаемся, - гэта, урэшце, i ёсць упарадкаваная прастора - час.

...I таму нельга падарожнiчаць у часе, як уэлсаўскi герой, а можна толькi iснаваць альбо ў адных каардынатах, альбо ў iншых, душой i целам...

Напэўна, каб разабрацца ў гiсторыi на гарадзiшчы, мала нашай фармальнай логiкi. Гэтая задачка - з падручнiка XXIII стагоддзя.

А самога Сержа ўся гэтая прамудрасць мала хвалявала. Ён успамiнаў радасць у вачах, якая блiснула насустрач збавiцелю. Ён пакутаваў ад сваёй нiкчэмнасцi i прагнуў...

Прагнуў выправiць промах.

Стварыць iншую сiтуацыю, iншы ўзор тканiны часу.

I ён знiк бясследна ў пагодлiвы вераснёвы дзень, выехаўшы з дому. На iм была гiмнасцёрка i палявая сумка цераз плячо. I, напэўна, цукар у сумцы. Iра падняла на ногi ўвесь горад, крымiнальны вышук збiўся з ног - дарэмна.

А наш iнстытут, не без маiх руплiвых захадаў у вярхах, нарэшце правёў раскопкi ў злашчасным гарадзiшчы амаль па ўсёй яго плошчы.

Мы знайшлi рэшткi драўляных iдалаў са слядамi аранжавай вохры. Мы знайшлi пахаванне каля самага горада: шкiлет маладой невялiкага росту жанчыны, чорнаглянцаваны збан i чарпак у галавах, доўгi вузкi меч, некалькi кручаных бранзалетаў i бронзавыя пацеркi з сердалiкавай падвескай. У жанчыны рассечанае цемя.

За некалькi крокаў на ўсход была выяўлена магiла рослага мужчыны з панцырнымi лускамi на рэбрах. Побач ляжала баявая сякера...

Я думаю, што гняды конь усё-такi прабiўся скрозь дзiды, што "царыца" недарма з такой надзеяй усмiхалася. Што Серж урэшце знайшоў у сабе мужнасць выкупiць сваю страшную вiну хоць бы тым, што сам загiнуў на месцы гiбелi кавалёвай каханай (хто ведае, цi не сваёй сапраўднай каханай...).