Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 16
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
— Бывай, — ціха кажа ён.
__________
Лес шуміць зусім не па-зімняму. Пасля мяцеліцы кінула ў адлігу. Рогач рашуча ідзе ад хаты да лесу. Проста па руні. Твар яго асуджаны і жорсткі.
Ён амаль падыходзіць да пушчы і раптам спыняецца.
На перадзе — лес. Ззаду — дрыготкі агеньчык у акне.
Рогач прысядае, разрывае снег і глядзіць на кволыя сцяблінкі.
__________
На ўзлессі, на тым самым месцы, гарыць вогнішча. Маленькае вогнішча. Рогач сядзіць каля яго і, грэючы рукі, глядзіць на агеньчык, што згасае ў акне.
Узяў прыгаршчу снегу, зусім быў сабраўся забіць вогнішча, але, падумаўшы, падклаў яшчэ галінку, яшчэ.
Твар ягоны задумлівы.
…І раптам ён бачыць у праталіне, поруч з вогнішчам, блакітную змерзлую кветку пралескі. Бярэ яе і чуе, як яна ламаецца ў пальцах, бы льдзінка.
Сціснуліся вусны Рогача. Ні аб чым ужо больш не думаючы, ён устае і ідзе да агеньчыка ў акне.
__________
Ён апускаецца на шкуры поруч з Дубраўкай.
— Ты недзе быў? — сонна пытае яна.
— Але, хадзіў паглядзець пралескі.
— Пацалуй мяне… Я вельмі цябе кахаю… Вясна скора.
__________
Ранняя вясна. Снег растаяў. Ліловымі кашлатымі снамі ўкрыўся ўвесь спад перад лясной хатай.
Ляніва замыкаў на лужку гарбаты бык.
Рогач, седзячы на прызбе, пляце драўляную барану. Дубраўка лётае ад ракі да хаты з вёдрамі вады.
— Мыць, скрэбці, чысціць! — радасна крычыць яна.
Рогач паглядзеў на босыя ногі, што топчуць траву, усміхнуўся, пакруціў галавою.
— Вясна, — крычыць Дубраўка. — Дзякуй Богу, не трэба агню…
Рогач спахмурнеў… А з хаты далятае голас Дубраўкі. Яна спявае:
Рогач пляце, слухае. І раптам у песню ўварваўся тупат капытоў.
…Здзіўленне ў вачах Рогача.
…Ад узлесся рухаюцца да хаты чатыры коннікі. Пярэдні — у чорным сукне, астатнія — у кальчугах і з мячамі.
…Застыла ў акне Дубраўка.
— Зборшчыкі, - ціха кажа яна. — Ох, Андрэй!
Пад'ехаўшы да самай хаты, коннікі спыняюцца.
- Імем каралевы, — выгукае пярэдні. — Божы і зямны падатак!
- Іх няма ў плане, — кажа адзін з кальчужных.
— Значыць, за зямлю, — кажа пярэдні. — За лес. За ваду.
— За святло нябёс плаціць не трэба? — пытае Рогач.
— Тут тры акны, — кажа зборшчык. — Значыць, каня і двух быкоў… Тут комін — значыць, два залатых за дым.
— Гаспадар зборшчык, — кажа Рогач, — не прымушайце мяне рабiць цуды. Я iх тры месяцы не рабiў.
Зборшчык рагатнуў:
— Узяўся плаціць падатак — абавязаны тварыць цуды. Іначай як чарадзействам не ўправішся.
Адзін з кальчужных торкнуў Рогача дрэўкам дзіды.
— Ну!
— Што я вам, раджу?
— Родзіш, — кажа зборшчык. — Не расплацішся — забяром дзяцей, калі ёсць.
— Гэта што ж, як у песні аб шыпшынніку?
— Тая песня забаронена ўказам каралевы, — кажа зборшчык.
— А што яшчэ не забаронена?
— Плаціць.
Рогач, ускіпеўшы, адрывае ад загарадзі жэрдку:
— Дык Госпадзі благаславі!
Жэрдка акрэсліла круг у паветры. Коннікі схапіліся за мячы.