Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 15
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
— Чаму не ўходзіш? — пытае лесавічок, выпраміўшыся. — Я ўвесь час бачыў, як ты корпаўся ў гразі, як жук-гнаявік.
Рогач устаў:
— Выбірайся адсюль… Я павінен выхаяць яе.
— Гадуеш гуся? Ну-ну. — Скрогат крыва ўсміхнуўся. — А каралева пытала, чаму гэта я падарыў табе зайца.
— А ты?
— А я спытаў, чаму гэта яна падарыла табе жыццё.
Твар Рогача суровы.
— Мне добра тут. Чуеш, добра.
— Веру. Хутчэй дасягай самага добрага. А потым ідзі да каралевы і заработвай амністыю.
Ён усміхаецца:
— У пекле цёпла. Палаюць вогнішчы. Вакол смех. Ідзе гульня па буйнай.
Чырвоныя вуголлі ляжаць на далонях.
Рогач, здрыгануўшыся, з міжвольнай тугой агледзеў поле, рунь, якая стыне пад снегам, нізкія хмары.
— Катлы, — кажа Скрогат. — Вечны агонь, што скача…
— Мне халодна тут, — кажа Рогач. — У лесе халодна. А за лесам такая злосць, нянавісць… голад.
— Ну вось. А там Жупел нават спіць у агні. Не хочаш дзяжурыць каля катлоў — не трэба. Будзеш вучыць або яшчэ што.
Зачаравана слухае Рогач. І раптам узнік у ягоных вушах дурненькі, просты матыў песні:
— Прэч, — раўнуў ён.
Скрогат устае.
— Пакуль не спакусіш — можаш не ўхадзіць. Але тэрмін да раставання снягоў. Іначай давядзецца адабраць у цябе памяць аб Дубраўцы і дабрыні. Будзеш памятаць усіх, акрамя іх… І тады ты ўспомніш, хто клікаў цябе…
Ён знікае. Рогач у ярасці рынуў сякеру на ствол маладзенькай бярозкі.
Ссек, наступіў на яго нагой.
__________
Хата. Раскошная, завешаная шкурамі. Вушакі разьблёныя. Жужыць кола пралкі. Рогач сядзіць, працягнуўшы рукі ледзь не ў самы ачаг.
Змоўкла кола. Вецер шпурнуў у акно цэлы зарад сняжынак.
— Апошняя завіруха ў гэтым годзе, — кажа Дубраўка.
— Але, — няўважна кажа ён.
Маўчанне. Толькі вые завея.
— Рогач, — кажа Дубраўка, — што з табою? Ты больш не кахаеш мяне.
— Чаму?
— З самага першага снегу ты такі чужы, халодны. Ты баішся ўзяць мяне за руку, сказаць цёплае слова. Прападаеш у лесе.
Рогач апускае вочы. Пакутліва змагаючыся з сабою, ён кажа:
— Ты ж сама хацела, каб я не спускаўся з тваёй радугі… Я і сам не хачу ўхадзіць. Нікуды не хачу ісці адсюль.
— Нашто табе ўхадзіць?
— Ты нічога не ведаеш… Ты як падснежнік… Якая яму справа да снягоў вакол?.. Якая яму справа, растаюць яны ці стаяць?
Яна пакінула пралку і падсела да яго на шкуры.
— Я разумею… Я зусім дурная… Ты ледзь не пайшоў… Бог з ёю, з царквою, што затанула… Я ж люблю, я ж кахаю цябе.
І яна цалуе Рогача.
— Што ты разумееш? — прабуе працівіцца ён. — Я ж на апошнім шляху, я ж…
— Маўчы… Паслухай, агонь таксама звініць.
Хіліцца да яе твар Рогача. Ён ужо не можа валодаць сабой.
Вусны зліліся…
…скачуць на тварах адбіткі агню.
. . . . . . . . . . . .
…Агонь амаль згас. Дубраўка спіць. Рогач, абапёршыся на рукі, глядзіць на яе. На вуснах ягоных лёгкая ўсмешка.
Скончылася дуйка. Стаяў лёд на слюдзе акна. Птушка-клёст села на галінку, зазірнула ў пакой.
І раптам у Рогача затрэсліся вусны. У адчаі ён схапіўся за галаву, сціснуў далонямі скроні.
Пацягнуўся быў да Дубраўкі, але рыпнуў зубамі. Расціснуў яе пальцы і вызваліў сваю руку.