Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 18

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Што, сынок, вясна вочы крадзе? — пытае карчмар.

Ён стаіць ля каміна, круціць на пожагу курэй.

— Крадзе, — кажа Рогач. — Дайце мо пад'есці.

— Грошы на стол.

— Грошы? Гэта… — Рогач у поўным непаразуменні.

— Пашукай, пашукай па кішэнях.

Рогач машынальна лезе ў кішэню і, сам здзіўляючыся, дастае прыгаршчу манет.

Карчмар ахнуў і забегаў, накрываючы на стол. Рогач сеў, глядзіць у агонь. І зноў танцуючыя языкі агню прымусілі яго пакутліва зморшчыць лоб, успамінаючы нешта.

…Карчмар накрывае на стол і балбоча языком несціхана:

— Начаваць бы я вам сёння не раіў. Вядома, мне ў страту, але я люблю добрых людзей. Сёння прыехала доказная інквізіцыя. Ловіць ведзьмаў. Лепей спаць пад стогам, чым поруч з імі. Калі ёсць грошы — ніколі не спі поруч з судом і царквою.

— Дзе інквізіцыя? — пытае Рогач.

— Паўсюль, дзе яе не чакаюць. Мы не чакалі, і вось вам… Ён паказвае ў акно.

…За акном, пад дубам, стаіць стол, лавы. За сталом свяшчэнны суд доказнай інквізіцыі. Перад імі звязаная жанчына, бледная, вельмі маладая.

Рогач адчыняе акно. Выразна далятаюць да яго словы.

— Далей, — кажа галоўны радца, падстрыжаны ў скобку.

— Якая ж мая віна? — кажа жанчына. — Пакуль не давялі, мяне нельга назваць ведзьмай.

— Усе гэтыя прэзумпцыі аб невінаватасці — трызненне сабачае, — кажа пісец. — У нас, дзякаваць Богу, дэмакратыя, свабодная ініцыятыва і роўнасць усіх перад кастром.

На грубаватым, мужыцкім твары радцы важнасць.

— Прывядзіце сведку.

Два гайдукі падводзяць тоўстую бабу.

— Так яе, галубачку, — яшчэ здалёк крычыць яна. — Агеньчыкам яе.

— Ды вы паглядзіце, — кажа падсудная, — яна на нагах не стаіць. І так ужо месяц.

Гайдукі паспрабавалі былі адпусціць сведку, але адразу ж адмовіліся ад свайго намеру.

— Э, не, — лямантуе баба, — ты мяне віном не папікай! Гаспадарава справа — карчомная!

— Дык вось, — кажа радца, — ад маетнасці пакаранага смерцю вам ідзе трэцяя частка. Кляніцеся казаць праўду, і толькі праўду.

— Ды бацюхна, літасцівец. Яшчэ і праўду не казаць. Іду гэта я ад кума ноччу. Іду цераз бур'ян… І раптам гэтая — ну ледзь не на галаву мне наступіла. Ідзе ў адной сарочцы, з даёнкай.

— Нашто? — акругліўшы ад жаху вочы, пытае радца.

— Справа вядомая… ік!.. Каровы чужыя даіць. У іх ад гэтага малако знікае. І ў маёй знікла… Яна… расу ўкрала. Расы ў тую раніцу не было. Памята-аю, да раніцы як аслупянелая ў бур'яне ляжала!

— Ты больш пі, - кажа жанчына. — Тады карова зусім здохне.

— Маўчы, — прарывае радца. — Суд прысуджае цябе за вядзьмарства да страты без праліцця крыві з канфіскацыяй маетнасці.

— Калі?

— Заўтра на досвітку.

— Добра, — апускае галаву жанчына. — Можа, за ноч я вымалю бліскавіцу на вашы галовы.

Гайдукі вядуць сведку прэч. Яна цягнецца нагамі па зямлі.

__________

Ноч. У карчме яшчэ сядзяць і п'юць. Тут сяляне, некалькі шляхціцаў. Глядзіць у агонь і думае аб чымсьці Рогач.

І раптам за вокнамі дзікі шум і гвалт. Закідаўся карчмар, трывога на тварах наведвальнікаў.

Дзверы з трэскам расчыняюцца, і ў карчму ўвальваецца п'яная хеўра: тры чалавекі ў багатых адзеннях. Усе яны ледзь мажаху.