Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 14

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Ён паглядзеў на Дубраўку, усміхнуўся.

— Д'ябал з ім, няхай халодна… Разумееш, калі я знайшоў цябе там, у хаце, у мяне вось тут, злева, пачало калаціцца нешта.

…Быццам васьміногі, раскарачыліся ў ямах аголеныя пні. Вакол палаюць вогнішчы. І ў гэтым вогненным марыве Рогач выдзірае бервяном-падважнікам вялізны пень.

— Гэ-эх, гэх, — чувацць цяжкае дыханне.

Пень рыпіць, лезе з зямлі, раскарачваецца. Вылез, дрыжучы карэннямі, як жывы.

…Агонь. Цяжкае дыханне. Сотні пнёў, выкарчаваных з зямлі.

І вось ужо гарыць ляда: выпальваюць карчоўку пад пасеў. Палае вялізны клін высечанага.

І Рогач глядзіць на агонь такімі вачыма, што Дубраўка кажа яму:

— Я палохаюся, калі ты глядзіш у агонь.

— У агонь? Так, — ён паспрабаваў быў абняць яе, але яна адхілілася.

— Ты так добра працуеш. Калі б ты яшчэ быў добры.

— Да каго? Усё наваколле пустое.

__________

Доўгае лясное возера. Яны сядзяць на ягоным беразе. Рогач абняў Дубраўку за плечы.

— Вось я ўжо дастаў быкоў, узараў і засеяў. Пчолы завяліся ў борцях. У нас усё ёсць. А ты не дазваляеш і дакрануцца да сябе.

— Нельга невянчаным. Нельга, мілы.

Яна ўздыхнула:

— А павянчацца няма дзе. Папам тут няма чаго ўзяць.

Рогач крадкама чыніць крыж наадварот.

"Слава пеклу, — думае ён. — Іначай мяне б даканалі".

Сонца сядае ў возера. І раптам загучэў празрысты голас Дубраўкі:

Шыпшыннік і хатняя ружаКалісьці разам раслі,Кахалi друг друга, любiлi друг друга,Без друга жыць не маглі.Абняўшыся, ля агароджыСтаялi ўсю ноч да зары,І дзеткамі іх лічыліВішня і ясень стары.

Рогач перарваў песню, пацалаваўшы руку дзяўчыны.

— Не трэба, — просіць яна.

Барва дагарае на вадзе. Даляцеў аднекуль далёкі-далёкі звон.

— Кажуць, на дне глыбокіх азёр стаяць цэрквы, якія зніклі, - кажа Дубраўка. — Я б хацела пайсці ў адну такую… з табой. Там добра: не паміраюць з голаду, не забіваюць, не паляць.

Рэзкае, трохі жорсткае аблічча Рогача набліжаецца да яе аблічча.

— Я часам баюся цябе, — кажа яна. — Паслухай, гэта адтуль звон.

Рогач нахіляецца і цалуе яе.

— Што гэта? — неўразумела пытае яна, вызваліўшыся. — Сонца загарэлася? Радуга.

У яе кружыцца галава. І раптам слёзы пырснулі з яе вачэй. Разгублены Рогач абдымае яе, гладзіць косы.

— Ну, ну.

І, прыціснуўшы да сябе, кажа:

— Я зразумеў. Ты хочаш, каб я не ўхадзіў так хутка з тваёй падводнай царквы. Не сыходзіў з тваёй радугі. Так?

— Так.

— Добра. Сядзі ціха. Слухай звон.

__________

Раніца. Над нядаўняй лядою падае снег. Першыя сняжынкі. Яны яшчэ не паспелі засыпаць густую шчотку руні. Рогач стаіць каля поля, разглядае яго. Сеў на кукішкі, пяшчотна пагладзіў чырванаватую рунь.

— Кхе-кхе, — чуе ён за спіною.

Паварочваецца — на пні сядзіць дзядок-лесавічок. Успёрся на сучкаваты кій. Зялёныя, дрымучыя вочы з насмешкай глядзяць на Рогача.

— З хлебам будзем? — пытае ён.

— З хлебам.

І тады лесавічок сіпіць горлам, нахіліўшыся наперад:

— Як па-твойму, "Браняносец Пацёмкін" новае слова ў кіно ці не?

Рука Рогача здрыганулася над рунню. Ён маўчыць, і выраз твару ў яго такі, быццам ён трапіў у пастку.