Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 13
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Рогач задумаўся.
— А ў лес?
— Хіба я магу раскарчаваць і выпаліць лясы? Паставіць хату?
— Я пайду з табою, — вырашыў нарэшце Рогач. — Можа, і мяне там не знойдуць.
Ён глядзіць на яе з нейкай новай, яснай усмешкай.
— Цябе каралева шукае?
— Горш…
— Тады трэба бегчы ў пушчу. Толькі ж у нас нічога няма… Нават каня.
Рогач паглядзеў на яе, паціснуў плячыма, адвярнуўся.
— Ты чаго шапечаш?.. Вой!..
У акне храпа белага каня. Конь пакасіў ліловым вокам. Пырхнуў.
— Вой, — Дубраўка засмяялася. — Пра ваўка размова, а воўк у хату. Адкуль ты?
— Ён прыблудны, напэўна. Гаспадар недзе памёр, а ён…
__________
Раніца. Яшчэ не ўстала сонца, але з-за хмарак веерам выметнуліся першыя праменні… Міма трапяткіх сцягаў, міма мёртвай пустой вёскі ідзе конь, нагружаны вартым жалю набыткам.
Рогач і Дубраўка ідуць поруч. Рогач вядзе каня пад павады. Міма сцягаў. Міма шыбеніцы, што стучыць пустымі жалезнымі гакамі па слупах.
…Да кургана, на вяршыні якога свежы капец з каменем у галовах.
__________
Рогач і Дубраўка стаяць ля капца. За іхнімі спінамі сонца паўлінавым хвастом узмятнула праменні.
— Крыж не паставіў?
— Не.
— Гэта ж нікому не шкодзіць, — кажа яна.
— Нават чорту? — робіць добрую міну Рогач.
— Чэрці цяпер ведаеш якія пайшлі… Можа, і ім нічога.
Рогач адмоўчваецца. Дзяўчына стае на калені і абдымае насып.
— Бывай, татухна. Даруй, што ўходзім. Нельга жыць! Горш за д'яблаў… Не трымай злосці, што не абаранілі цябе ад гэтага кургана. Не паспелі. — Рогач апусціў галаву. Яму стала сорамна.
— Не трымай зла… Калі вясной таюць курганы — першы дыхні з магілы цеплынёй.
Яна ўстае, выцірае вочы і ідзе па схіле ўніз. За ёй Рогач вядзе каня.
…Знікаюць.
Сонца, якое ўзнялося, асвятляе ўжо толькі курган з капцом і пустую вёску, над хатамі якой мёртва лунаюць белыя сцягі.
__________
Сякера рэзка ўпіваецца ў ствол сасны-волата.
— Тут, — кажа Рогач.
Глухая пушча. Бароды моху на дрэвах. Журчыць лясная рачулка.
Дубраўка азіраецца, трымаючы каня.
Ствалы тоўпяцца, падтрымлiваючы целамi даўнi ветрабой. Чырвоныя мухаморы стаяць у лясной вады.
Застукала па дрэве сякера. Падаюць сосны. Адна… Другая… Дзесятая…
…Дубраўка падае Рогачу коўш з бярозавікам. Той п'е, гледзячы цераз край на дзяўчыну, якая глядзіць на яго ва ўсе вочы.
— Табе хтось казаў, што ты прыгожая?
Дубраўка апусціла галаву.
…I вось ужо стаiць на палянцы прысадзiстая хата з надворнымi будоўлямi.
Рогач зноў сячэ лес.
…Сцягвае сосны ўбок.
…Дубраўка прынесла яму абед. Рогач сядзіць і есць. Яна, прысеўшы, глядзіць на яго.
— Ай, Дубраўка, — пахвальвае ён. — Добра. Шкада, халаднаватая капуста.
— Што ты. Назнарок у анучах несла. Як агонь.
— Гм… А мне здалося — ахалода.
— Ты б і агонь жывы, напэўна, глытаў.
— Агонь? — твар Рогача стаў задумлівы і асвяціўся ўсмешкай. — Я люблю агонь. Толькі яго ніколі не паляць проста так, для агню.
— Але. Я аднойчы бычыла, як палілі ерэтыкоў, - па-свойму зразумела яна.
- І ў вас?
— Ну так. Ты ж ад гэтага і ўцёк у лес?
Рогач апусціў веі.
— Я люблю агонь. Вельмі. Тут вельмі халодна, цёмна. Але я хачу, каб проста агонь, каб нікога на ім не паліць… І няхай тут халодна.