Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 76

Антуан Сент-Экзюпери

Свет стаў пустыняй, i ўсе мы прагнем знайсцi ў ёй таварышаў: дзеля таго каб спазнаць смак раздзеленага з таварышамi хлеба, мы i прымаем вайну. Але каб адчуць гэтае цяпло, каб поплеч рушыць да адной i той жа мэты, нi да чаго ваяваць. Вайна ашуквае нас. Нянавiсць не можа ўзвялiчыць радасць агульнага натхнёнага руху.

Навошта нам ненавiдзець адзiн аднаго? Мы ж адна сям'я, нас кружыць адна i тая ж планета, мы экiпаж аднаго карабля. Добра, калi цывiлiзацыi ўступаюць у спрэчкi дзеля росквiту больш дасканалых чалавечых арганiзацый, але жахлiва, калi яны пажыраюць адва адну.

А каб вызвалiць нас, дастаткова ж толькi памагчы нам усвядомiць усеагульную мэту i пачаць шукаць тыя повязi, якiя з'яднаюць усiх. Доктар пры аглядзе хворага не слухае стогнаў: доктару важна вылечыць чалавека. Доктар служыць законам усеагульнага. Iм служыць i фiзiк у роздуме над сваiмi неверагоднымi ўраўненнямi, з дапамогай якiх ён спасцiгае i атам, i касмiчную туманнасць. Iм служыць i звычайны пастух. Бо хай толькi той, хто сцiпла пасе пад зорным небам з паўтузiна авечак, асэнсуе сваю працу, - i вось ён ужо не проста слуга. Ён - вартавы. А кожны вартавы ў адказе за ўсю дзяржаву.

Цi вы думаеце, што пастух не iмкнецца асэнсаваць сябе i сваё месца ў жыццi? Калi я быў на мадрыдскiм фронце, я наведаў там адну школу, размешчаную на ўзгорку за пяцьсот метраў ад акопаў, абнесеную невысокай каменнай сцяною. У гэтай школе адзiн капрал выкладаў батанiку. У грубых руках капрала была кветка маку, ён асцярожна разнiмаў пялёсткi i тычынкi, i з усiх бакоў з акопнага бруду пад грукат снарадаў да яго сцякалiся зарослыя бародамi паломнiкi. Яны абступалi капрала, сядалi проста на зямлю i, падпёршы кулакамi падбародкi, уважлiва слухалi. Яны супiлi бровы, сцiскалi зубы, яны не надта разумелi тлумачэнне настаўнiка, але iм сказалi: "Вы - цёмныя, вы звяры, вы толькi выпаўзаеце са сваiх бярлогаў, трэба даганяць чалавецтва!" I цяжкай хадою яны спяшалiся наўздагон.

Толькi калi мы асэнсуем сваю ролю на зямлi, хай нават сама сцiплую i непрыкметную, толькi тады мы будзем шчаслiвыя. Толькi тады мы зможам жыць i памiраць спакойна, бо тое, што надае сэнс жыццю, надае сэнс i смерцi.

Смерць такая лагодная, калi яна - натуральны зыход, калi стары правансальскi селянiн у канцы свайго панавання аддае сынам у спадчыну сваiх коз i свае алiвы, каб сыны ў свой час перадалi iх сынам сваiх сыноў. У сялянскiм родзе чалавек памiрае толькi напалову. Настае час, i жыццё разлушчваецца, як спелы струк гароху, i аддаюцца зёрны.

Аднойчы мне давялося стаяць з трыма сялянамi ля смяротнай пасцелi iхняй мацi. Гэта было горка, што казаць. Другi раз iрвалася пупавiна. Другi раз развязваўся вузел: той,што нiтуе адно пакаленне з другiм. Трое сыноў апынулiся ў вялiкай самоце, яны раптам спасцiглi, што цяпер навек пазбаўлены сямейнага стала, за якiм на свята збiралася ўся сям'я, таго магнiту, якi ўсiх iх прыцягваў. Але мне бачылася, што тут не толькi рвуцца повязi, але i паўторна даецца жыццё. Бо кожны з сыноў у сваю чаргу стане галавою роду, патрыярхам, вакол якога будзе збiрацца сям'я, а калi настане час, i ён у сваю чаргу перадасць руль кiравання дзятве, якая гуляе зараз на падворку.