Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 75

Антуан Сент-Экзюпери

Мы хочам быць вольныя. Той, хто працуе кiркай, хоча, каб у кожным удары кiркай быў сэнс. Калi кiркай працуе катаржнiк, кожны яе ўдар толькi прынiжае катаржнiка, але калi кiрка ў руках разведвальнiка, кожны яе ўдар узвышае разведвальнiка. Катарга не там, дзе працуюць кiркай. Яна жахлiвая не тым, што гэта цяжкая праца. Катарга там, дзе ўдары кiркай не маюць нiякага сэнсу, дзе праца не злучае чалавека з людзьмi.

А мы хочам уцячы з катаргi.

У Эўропе маецца дзвесце мiльёнаў чалавек, якiя не бачаць у жыццi нiякага сэнсу, якiя жадалi б лепей не нараджацца. Прамысловасць адарвала iх ад таго жыцця, якое пакаленне за пакаленнем вядзе сялянскi род, i замкнула ў агромнiстых гета, якiя нагадваюць сартавальныя станцыi, забiтыя шкiлетамi чорных вагонаў. Людзi, пахаваныя ў рабочых пасёлках, былi б радыя абудзiцца да новага жыцця.

Ёсць i такiя, каго зацягнула ў сiстэму шасцерань вузкай спецыялiзацыi працы, каму забаронены радасцi першаадкрывальнiка, веруючага, вучонага. Сяму-таму пачало здавацца, што, каб узвысiць гэтых людзей, дастаткова апрануць iх, накармiць, задаволiць усе iх матэрыяльныя патрэбы. I спакваля вырасцiлi з iх мiзэрных мяшчан у духу раманаў Курталiна, местачковых палiтыкаў, вузкалобых спецыялiстаў без якiх-небудзь духоўных запытанняў. Веды iм далiся неблагiя, а вось культуры анiякай. Нiкчэмны погляд на культуру ў таго, хто мяркуе, быццам яна зводзiцца да завучвання формул. Сама бяздарны студэнт палiтэхнiкума ведае пра прыроду i яе законы куды болей, чым некалi ведалi Дэкарт i Паскаль. Але цi здольны гэты шкаляр на такую разумовую працу, як яны?

Усе людзi, адны мацней, другiя слабей, адчуваюць цьмяную патрэбу ў адраджэннi. Але бывае i так, што прымаюцца памылковыя рашэннi. Вядома, можна ажывiць людзей, апрануўшы iх у якiя-небудзь мундзiры. Яны будуць дружна спяваць ваенныя гiмны i дзялiцца кавалкам хлеба з таварышам. Яны знойдуць тое, чаго шукалi - пачуццё лучнасцi. Але гэты хлеб прынясе iм смерць.

Можна пазвяргаць драўляных iдалаў i ўваскрасiць старажытныя мiфы, на аснове даволi грунтоўных доказаў можна ажывiць мiстыку пангерманiзму альбо Рымскай iмперыi. Можна ўскружыць галовы немцам выключнасцю нямецкай нацыi i дачыненнем да генiя Бетховена. Можна апаiць гэтым усiх - да апошняга качагара. Гэта, вядома, лягчэй, чым у качагары выявiць Бетховена.

Але падобнае кумiрства - хцiвае кумiрства. Той, хто ахвяруе сваiм жыццём дзеля навуковага адкрыцця альбо дзеля збавення людзей ад хвароб, нават уласнай смерцю служыць справе жыцця. Магчыма, гэта i прыгожа - памерцi за пашырэнне нечых уладанняў, але сучасная вайна знiшчае ўсё тое, дзеля чаго яна нiбыта вядзецца. Цяпер справа ўжо не ў тым, каб невялiкай крывёю адрадзiць цэлы народ. З той пары як вайна вядзецца з дапамогай самалётаў i iпрыту, яна стала проста бойняй. Ворагi заточваюцца пад прытулак муроў, i кожны, хто як можа, ноч у ноч шле эскадрыллi, якiя вымотваюць працiўнiку вантробы, узносяць у паветра яго жыццядайныя цэнтры, паралiзуюць прамысловасць i шляхi зносiн. Перамога за тым, хто сканае апошнi. I абодва працiўнiкi канаюць разам.