Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 77

Антуан Сент-Экзюпери

Я глядзеў на мацi, на старую сялянку са спакойным i суровым тварам, на яе туга сцiснутыя вусны - не твар, а маска, высечаная з каменю. I ў iм я пазнаваў рысы сыноў. Iхнiя твары - злепак з гэтай маскi. Гэтае цела фармавала iхнiя целы - выдатна вылепленыя, моцныя, мужныя. I вось яно ляжыць, пазбаўленае жыцця, але гэта змярцвеласць абалонкi, з якой дасталi спелы плод. I ў сваю чаргу яе сыны i дочкi з плоцi сваёй злепяць новых людзей, сваiх нашчадкаў. У сялянскiм родзе не памiраюць. Мацi памерла - няхай жыве мацi!

Так гэта балюча, але так проста i натуральна - мерны поступ роду: пакiдаючы на шляху адну за адной тленныя абалонкi пасiвелых працаўнiкоў, пастаянна абнаўляючыся, рухаецца ён да няведамай iсцiны.

Вось чаму ў той вечар у голасе пахавальнага звону, што плыў над вёсачкай, мне чулася не роспач, а затоеная пакорлiвая радасць. Звон, якi адной i той жа мовай ганараваў i хаўтуры i народзiны, зноў абвяшчаў пра змену пакаленняў. I глыбокае супакаенне зыходзiла ад гэтага гiмна ў гонар заручын сцiплай старой працаўнiцы з зямлёй.

Гэткiм чынам, - паволi, як расце дрэва, - з пакалення ў пакаленне перадаецца не толькi жыццё, а i свядомасць. Якое дзiвоснае ўзыходжанне! З расплаўленай лавы, з зорнага цеста, з жыватворнай, цудам аплодненай клетачкi выйшлi мы - людзi - i паступова ўзнiмалiся ўсё вышэй, ступень за ступенню, i вось мы пiшам кантаты i вымерваем сузор'i.

Мацi перадала не проста жыццё: яна навучыла сваiх сыноў роднай мове, яна даверыла iм так марудна - стагоддзямi - збiраны скарб, духоўную вотчыну, якую сама атрымала ў спадчыну - сцiплы запас традыцый, паняццяў i казак, усё, што рознiць Ньютана i Шэкспiра ад пячорнага чалавека.

Той голад, што пад абстрэлам гнаў гiшпанскiх салдат на ўрокi батанiкi, што гнаў Мермоза да Паўднёвай Атлантыкi, а яшчэ некага - да вершаў, азначае, што працэс нашага развiцця далёка не завершаны i што нам яшчэ неабходна зразумець самiх сябе i сусвет. Нам неабходна перакiнуць сходкi праз ноч. Не разумеюць гэтага толькi тыя, чыя мудрасць - абыякавасць, хто жыве толькi для самога сябе; але такая мудрасць - нiкчэмны падман! Таварышы, таварышы мае, будзьце сведкамi: калi мы адчулi сябе шчаслiвымi?

I вось на апошнiх старонках гэтай кнiгi мне зноў прыгадваюцца ссiвелыя чыноўнiкi - нашы суправаджальнiкi на золку таго дня, калi нам нарэшце ўпершыню даверылi паштовы самалёт i мы рыхтавалiся стаць людзьмi. Яны таксама былi падобныя на нас, толькi яны не ведалi, што яны галодныя.

Надта шмат у свеце людзей, якiм нiхто не дапамог прачнуцца.

Некалькi гадоў таму, у час адной доўгай паездкi па чыгунцы, мне захацелася агледзець гэтую дзяржаву на колах, у якой я невылазна сядзеў ужо трое сутак вязень несцiханага перастуку i грукату, быццам марскi прыбой варочаў гальку, i мне не спалася. Я падняўся. Было каля гадзiны ночы. Я прайшоў увесь цягнiк з канца ў канец. Мяккiя спальныя вагоны былi пустыя. Вагоны першага класа таксама пуставалi.