Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 74

Антуан Сент-Экзюпери

Калi вы хочаце пераканаць таго, каму даспадобы вайна, што вайна жахлiвая i агiдная, не абзывайце яго варварам: перш чым асудзiць, пастарайцеся яго зразумець.

Задумайцеся хоць бы над гэткiм выпадкам. Адзiн афiцэр з поўдня ў час баёў з рыфамi камандаваў пастом, зацiснутым памiж двума горнымi хрыбтамi, дзе знаходзiлiся паўстанцы. Аднойчы вечарам ён прымаў парламенцёраў з заходнiх гор. Яны належным чынам сядзелi i пiлi гарбату, як раптам усчалася стралянiна. На пост напалi плямёны з усходнiх гор. Капiтан загадаў парламенцёрам пакiнуць пост, бо трэба ўступаць у бой, але яны адказалi: "Сёння мы твае госцi. Бог не дазваляе нам пакiнуць цябе..." I яны далучылiся да яго салдат, памаглi абаранiць пост i толькi потым вярнулiся ў сваё арлiнае гняздо.

А напярэдаднi таго дня, калi яны самi збiралiся атакаваць пост, прыслалi да капiтана сваiх паслоў:

- Неяк мы дапамаглi табе...

- Гэта праўда...

- Дзеля цябе мы змарнавалi тры сотнi патронаў...

- Гэта праўда.

- Справядлiва было б вярнуць iх нам.

Не, капiтан высакародны, ён не можа пакарыстацца iхняй велiкадушнасцю. I ён вяртае патроны, хоць ведае, што страляць будуць у яго.

Iсцiна чалавека - тое, што робiць яго чалавекам. Хто зведаў гэткую годнасць узаемаадносiн, гэткую сумленнасць у гульнi, гэткi дар узаемапавагi аснову жыцця, той не стане параўноўваць гэтую прыродную. высакароднасць з убогiм дабрадушшам дэмагога, якi ў знак братэрскiх адносiн да тых жа арабаў стаў бы гучна паляпваць iх па плячы, лесцячы iм i адначасна прынiжаючы. Пачнiце такому капiтану даводзiць ягоную неправату, i ён адкажа вам адно толькi пагардлiвым шкадаваннем. I будзе мець рацыю.

Але ў роўнай ступенi будзеце мець рацыю i вы ў сваёй нянавiсцi да вайны.

Каб зразумець чалавека i яго патрэбы, каб спасцiгнуць у iм сама галоўнае, не трэба супрацьпастаўляць адна адной вашы вiдавочныя iсцiны. Так, вы маеце рацыю. Усе вы маеце рацыю. Лагiчна можна даказаць усё на свеце. Мае рацыю нават той, хто ва ўсiх няшчасцях чалавецтва гатовы абвiнавацiць гарбуноў. Дастаткова абвясцiць вайну гарбунам - i мы адразу ўспалыхнём нянавiсцю да iх. Мы пачнём жорстка помсцiць гарбунам за ўсе iх злачынствы. Бо сярод гарбуноў таксама ж ёсць злачынцы.

Каб зразумець, у чым жа сутнасць чалавека, неабходна хоць на момант забыць пра тое, што раздзяляе, бо ўсякая iх тэорыя i ўсякая вера спавадоўваюць цэлы звод непарушных iсцiн, а яны спараджаюць фанатызм. Можна размежаваць людзей на правых i левых, на гарбатых i негарбатых, на фашыстаў i дэмакратаў, i любы гэты падзел не абвергнеш. Але ж агульнавядома, што iсцiна - гэта тое, што спрашчае свет, а не тое, што стварае вэрхал. Iсцiна - гэта мова, якая выяўляе ўсеагульнае. Ньютан "адкрыў" доўга неспасцiгальны закон зусiм не так, як рашаюць рэбус. Тое, што здзейснiў Ньютан, было творчасцю. Ён стварыў мову, якая можа сказаць i пра падзенне яблыка ў разору, i пра ўсход сонца. Iсцiна зусiм не тое, што можна даказаць, iсцiна - гэта прастата.

Навошта аспрэчваць iдэалогii? Калi ўсе iх можна даказаць, то ўсе можна i абвергнуць, i ад гэтых спрэчак толькi трацiш усялякую надзею на збавенне людзей. А людзi ж вакол i ўсюды iмкнуцца да аднаго i таго ж самага.