Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 78

Антуан Сент-Экзюпери

Затое вагоны трэцяга класа былi забiты сотнямi вытураных з Францыi польскiх рабочых, якiя вярталiся ў сваю Польшчу. У калiдорах мне даводзiлася пераступаць цераз змораных сном людзей. I ў адным з вагонаў я прыпынiўся. У гэтым вагоне без перагародак, якi ў святле начнiкоў нагадваў казарму цi прыёмную палiцэйскага ўчастка, перада мной варушылася сапраўднае качэўе, штурханае i тасаванае рухам цягнiка. Цэлы народ, апанаваны цяжкiм сном, якi вяртаўся ў сваю галечу. Буйныя паголеныя галовы пакалыхвалiся на голых лаўках. Усе - мужчыны, жанчыны, дзецi - мерна калыхалiся туды-сюды, быццам iх нават i ў забыццi не адпускалi вэрхал i калатня жыцця. Нават сон не быў iм надзейным прытулкам.

Эканамiчныя прылiвы i адлiвы шпурлялi iх з аднаго канца Эўропы ў другi, яны страцiлi свой дамок у дэпартаменце Нор, невялiчкi садок, тры вазоны геранi, якую я некалi бачыў у вокнах польскiх шахцёраў, i мне здавалася, яны напалову страцiлi i чалавечы воблiк. Яны пахоплiва ўвязалi ў клункi толькi кухонны посуд, прасцiны ды дзяружкi, захапiлi толькi нейкiя ўбогiя манаткi. А ўсiм тым, што яны сапраўды любiлi i песцiлi, што iм патрапiла прыручыць за чатыры-пяць гадоў жыцця ў Францыi - катам, сабакам i геранню, - давялося ахвяраваць, i яны везлi з сабою адны гэтыя кухонныя чарапкi.

Немаўлятка ссала грудзi мацi, такой стомленай, што здавалася, яна спала. Сярод недарэчнасцi i вэрхалу гэтага бадзяжнiцтва перадавалася дзiцяцi жыццё. Я паглядзеў на бацьку. Цяжкi i голы, як камень, чэрап. Цела, скурчанае ў нязручным сне, засунутае ў рабочую спяцоўку - адны бугры ды перапады. Не чалавек, а куча сырой глiны. Так уначы на лаўках крытага рынку бясформна валяюцца бяздомныя бадзягi. I я падумаў: галеча, бруд, выродлiвасць - справа зусiм не ў гэтым. Пазнаёмiлiся ж аднойчы гэты чалавек i гэтая жанчына, i мужчына ж, напэўна, усмiхнуўся жанчыне: напэўна ж пасля работы ён прыносiў ёй кветкi. Нясмелы i нязграбны, ён так баяўся, магчыма, што яму скажуць "не". А ёй, упэўненай у сваёй прывабнасцi, з чыста жаночай какетлiвасцi, магчыма, прыемна было яго памучыць. I ён, ператвораны цяпер у нейкую машыну, толькi i здольную капаць цi каваць, адчуваў тады ў сваiм сэрцы дзiвосную салодкую трывогу. I проста розуму недаступна, як жа яны абое сталi гэтымi кучамi глiны. Праз якiя страшныя жорны прайшлi яны, пад якi штампавальны прэс трапiлi? Жывёла i на старасцi захоўвае сваю прывабнасць. Чаму ж скасавалася такая цудоўная глiна, з якой вылеплены чалавек?

I я рушыў далей мiж гэтага народу, чый сон быў трывожны, як заклятая мясцiна. Ад хрыплага сапення, няўцямнага жаласлiвага мармытання, шоргату грубых башмакоў, калi сонны, навярэдзiўшы адзiн бок, пераварочваўся на другi, трапятаў глухi, бясконцы шум. А за ўсiм гэтым - несцiханы рокат, быццам варочаецца галька пад ударамi прыбою.

Сядаю насупраць спячай сям'i. Памiж мужам i жонкай, сяк-так прымошчанае, спала дзiця. Але вось яно паварочваецца ў сне, i ў святле начнiка я бачу ягоны твар. Ах, якi цудоўны твар! Ад гэтай пары нарадзiўся дзiвосны залаты плод. З гэтага цяжкага ярма нарадзiўся такi цуд зграбнасцi i прывабнасцi. Я глядзеў на пукаты лобiк, на мяккiя прыпухлыя вусны i думаў: вось твар музыканта, вось маленькi Моцарт, вось дзiвосная абяцанка жыцця. Ён зусiм як маленькi прынц з нейкай казкi: даць бы яму належны догляд, выхаванне, асвету - i ён апраўдаў бы сама смелыя надзеi! Калi ў садзе пасля доўгiх пошукаў выведуць нарэшце новы гатунак ружы, дык усiх садоўнiкаў ахоплiвае хваляванне. Ружу пераносяць у асобнае месца, ружу даглядаюць i песцяць. А людзi растуць без садоўнiка. Маленькi Моцарт, як i ўсе, трапiць пад той жа страшэнны штампавальны прэс.