Читать «Сумленны ўчынак» онлайн - страница 8

Эрве Базен

— Але, панi, сёння ўранку. Ён ляжаў на зямлi. Яго было добра вiдаць, i пан дэ Керфаўэ напэўна згубiў яго некалькi хвiлiн раней… Бо калi не, дык яго б ужо паднялi.

Гаспадыня насупiла бровы.

— Вось гэта ўжо дзiўна! — сказала яна i зрабiла крок назад, каб не чуць перагару ад Ганзага. — Мой муж на два днi паехаў на паляванне ў Салёнь.

Яе муж! Цяпер ужо Ганзаг зрабiў крок назад. Ён не ўмеў чырванець, але пот выступiў у яго на лобе. «Я выкраiў сабе два вольныя днi», — гаварылася ў Вiльямавай запiсцы. Там таксама гаварылася пра Чылiйку. Становiшча прасвятлялася. Чылiйка стаяла перад Ганзагам. Керфаўэ даў такое iмя гэтай тоўстай паўднёваамерыканцы, грашыма якой карыстаўся, каб песцiць дзяўчыну з трынаццатай акругi. Керфаўэ быў усяго толькi нечым накшталт сутэнёра, жабраком першага класа. Ганзагаў учынак, натхнёны пагардай да лёгкасцi i павагай да рызыкi, прыводзiў да парадоксу: ён спрыяў прайдзiсвету, якi жыве, кiруючыся процiлеглымi прынцыпамi. Вось што значыць быць тым, хто ты ёсць! Нават добрыя ўчынкi не ўдаюцца. Мала таго, непадкупны Ганзаг, якi толькi што меў выгляд лаўрэата прэмii Манцьёна, быў цяпер падобны на даносчыка. Даносчык! Ганзаг, якога нават палiцэйскiя нiколi не маглi прымусiць гаварыць.

— Мне шкада, — сказаў ён, каб неяк парушыць маўчанне. — Мне параiлi перадаць гэты бумажнiк у рукi ўладальнiку.

Гэтае «мне параiлi» гучала даволi няясна, але Ганзаг шукаў перш за ўсё шляхi да адступлення. Колькi будзе непрыемнасцi, калi ён аддасць бумажнiк жонцы! А зрэшты, нашто яго аддаваць? I Ганзаг, ужо амаль цвярозы, вырашыў перагледзець пытанне.

— Я зайду iншым разам, — сказаў ён.

Тоўстая дама анi не пакрыўдзiлася. Непарушная, як карыятыда, яна стаяла, уцiснуўшы галаву ў плечы, i быццам падтрымлiвала гмах палаца, якi вось-вось абвалiцца. Вiдавочна, яна надавала больш значэння не бумажнiку, а абставiнам згубы. Яна вымавiла з намаганнем:

— Божа мой, пане, вы можаце аддаць мне…

Яе перапынiла пабразгванне ключоў. Дзверы рэзка адчынiлiся.

— Пан дэ Керфаўэ! — усклiкнула пакаёўка.

— Мой муж! — вымавiла Чылiйка.

«Ну, цяпер усе на месцы!» — сказаў сабе Ганзаг.

Вiльям дэ Керфаўэ не спяшаючыся зачынiў дзверы i падышоў з натуральным выглядам. Так, гэты хлопец умеў трымацца. Нiчога штучнага ва ўсмешцы, анi ценю вагання ў рухах. Яго вытанчанасць, занадта саманадзейная, каб быць сцiплай, дадавала яму натуральнасцi: расшпiленае шырокае падарожнае палiто адмятала ўсе падазрэннi, каўнер кашулi быў такi белы, такi чысты, што адразу выклiкаў давер. Ён вымавiў бездакорным, трохi засмучаным, але даволi абыякавым тонам:

— Я быў вымушаны вярнуцца, Эвiта. Уявiце сабе, што я згубiў…

— Ваш бумажнiк… на плошчы Iталi! Я ведаю. Гэты пан толькi што нам яго прынёс.

Карыятыда набыла горды выгляд. Яе голас гучаў урачыста. Але Керфаўэ i сапраўды меў талент. Ганзаг сунуў руку за пазуху, i пан Вiльям зразумеў, што бумажнiк быў яшчэ там. Нiчога яшчэ не было страчана. У гэткiх выпадках трэба толькi гаварыць, што прыйдзе ў галаву.

— Вы бачыце, Эвiта, што б нi казалi, гэтая краiна застаецца краiнай сумленных людзей. Плошча Iталi!.. Я шукаў гэты бумажнiк паўсюль! Я разабраў сядзеннi ў машыне, я вярнуўся ў гараж, я распытаўся ў кансьержкi. Плошча Iталi! Я нават больш i не думаў пра яе, i аднак я больш нiдзе не мог яго згубiць — менавiта там я спынiўся, каб купiць гваздзiкоў. Пэўна, заплацiўшы, я сунуў гэты чортаў бумажнiк мiма кiшэнi. Я спяшаўся…