Читать «Сумленны ўчынак» онлайн - страница 7

Эрве Базен

— Пан дэ Керфаўэ?.. Я пакаёўка ў яго.

Ганзагаў выгляд i пах перагару прымусiлi яе збянтэжыцца:

— Я, аднак, не ўпэўнена, цi пан…

— Я яго не ведаю, — сказаў рашучым тонам Рабатэн. — Я толькi знайшоў яго бумажнiк на вулiцы i прынёс.

— А! Тады заходзьце! — адказала дзяўчына з нейкай павагай, якая была Ганзагу як бальзам на душу.

Яна бразнула звязкай ключоў. Але перш чым паспела адчынiць, бясхiбны Ганзагаў позiрк занатаваў: ключ звычайны, равок злева, шэсць зубцоў лесвiчкай. Ключ ад засаўкi, прывешаны да першага, даваў дадатковыя звесткi: грабенчаты замок, якi можна адмыкаць адмычкай са сталёвага дроту. Дзверы адчынiлiся, i Ганзаг саступiў убок з ветлiвасцi цi, хутчэй, каб паспець прыкмецiць яшчэ адну дэталь. У iншых абставiнах яна вельмi б яго ўзрадавала: зашчапкi няма, дзве ручкi ўмайстраваныя ў глыбiню створак. Гэта робiць даступнымi нават самыя грозныя на выгляд дзверы. Раптам жаночы голас вярнуў яго да рэчаiснасцi:

— Адэль, я сто разоў вам казала, каб вы карысталiся службовымi сходамi!

Спеўны голас чуўся з глыбiнi кватэры. Дзiўнае вымаўленне выдавала iншаземку, i Ганзаг, ап'яненне якога патроху праходзiла, а добрыя намеры з той жа хуткасцю слабелi, прымусiў сябе прыкiнуцца задаволеным. Гэты сумленны ўчынак будзе надзвычай добрай прапагандай для iншаземцаў. Вельмi збянтэжаны i ўражаны пышнасцю залы, багаццем кветак, забавак, рэчаў вельмi дарагiх i зусiм непатрэбных, ён стаяў як укапаны на дыване з пахмурным выглядам, якi, як ён лiчыў, адпавядаў чысцiнi намераў i дабрачыннасцi. У гэты самы час прафесiйны аўтаматызм усё ж дзейнiчаў далей, i, каб нечым запоўнiць чаканне. Ганзаг разглядаў унутраны ўклад памяшкання. Пакаёўка пайшла да гаспадынi па iнструкцыi, i да яго даляталi абрыўкi фраз, якiя гаварылiся цiхiм голасам. Ён выразна пачуў: «Нiчога не разумею!» — i такiм чынам зразумеў, што магутным людзям гэтага свету сумленнасць уваходзiць у абавязкi абслугi. Ён расчароўваўся. Але ў гэты момант пачуўся шэпт: «Iду, iду!», i Ганзаг усмiхнуўся, калi падумаў, што зараз выйдзе тая аголеная дзяўчына, якую ён бачыў на фотакартках у трох спакуслiвых ракурсах.

— Мая пакаёўка запэўнiвае мяне, што…

Новае расчараванне! Гэтая маса, уцiснутая ў вялiзны хатнi халат з ружовага шоўку, якая наблiжалася павольна, мернымi рухамi, высока несучы велiчныя грудзi, з якiх бiў пах парфумы, — гэта была салiдная дама з першай фатаграфii. Яна наблiжалася, напаўняючы сабой прастору, i Ганзагу здавалася, што ён меншае.

— Так, па… панi, — прамармытаў ён. — Я знайшоў бумажнiк вашага сына… на плошчы Iталi.

— Майго сына? — перапытала дама, здзiвiўшыся.

— Пана Вiльяма дэ Керфаўэ, — удакладнiў Ганзаг. — У пасведчаннi асобы былi ягоныя iмя i адрас.

Дама трохi адхiлiлася. Складкi яе шыi нацягнулiся, галава павярнулася ўправа, позiрк яе адбiўся ў венецыянскiм люстры, але яна не супакоiлася. Яна пачырванела. Але вельмi хутка, з вялiкай салоннай мужнасцю змянiла выраз твару i надала яму зычлiвасцi i цiкаўнасцi.

— Дык вы кажаце, што знайшлi гэты бумажнiк сёння ўранку на плошчы Iталi?