Читать «Сумленны ўчынак» онлайн - страница 10

Эрве Базен

— Як бы мы маглi?.. — неахвотна пачала гаспадыня. — Вiльям, мне здаецца, што звычайна ў такiх выпадках…

Здавалася, што ў гэтым доме часта не канчалi фразы. Але муж падтрымаў жонку:

— Мне вельмi няёмка… Грашовая аддзяка! Самi словы гэтакiя ж недарэчныя, як i рэч, якую яны азначаюць. Я не хацеў бы вас пакрыўдзiць, пане…

Ён напружана паглядзеў на Ганзага, i той усё зразумеў. Грашовая аддзяка? Немагчыма было ўдакладнiць яе памер, не адкрыўшы велiчыню сумы ў бумажнiку. Сумы грошай, «цярплiва (а значыць, употай) сэканомленых на маленькiх шчодрасцях Чылiйкi». Плакалi яго дзесяць адсоткаў! Невядома, што яго стрымлiвала: гордасць цi «склад розуму», далiкатнасць цi «вернасць прынцыпам» — справа была не ў словах. У любым выпадку Ганзаг, якi бярэ, але не жабруе, быў няздатны пратэставаць, таргавацца або шантажыраваць.

— Пакiнем гэтую справу, — сказаў ён сурова. — Мне нiчога не трэба.

Керфаўэ таксама больш нiчога не патрабаваў. Некалькiмi фразамi ён нiбы запакаваў i перавязаў стужачкай гэтае высакароднае адмаўленне:

— Мне вельмi няёмка, але я вас добра разумею. На вашым месцы я б зрабiў тое ж самае. Сумленнасць аплочваецца сама па сабе. Ёю нельга гандляваць… Цi магу я, прынамсi, ведаць ваша iмя?

— Не, я не хачу, каб мяне ведалi.

Ганзаг адказваў усё больш суха. Ён выходзiў з сябе, але нiчога не мог зрабiць. Гэтыя людзi рабiлi сваю справу. А ён зробiць сваю. «Ключ звычайны, равок злева, шэсць зубцоў лесвiчкай…» А чаму не? Яго сумленне сапраўды звычайна аплочвалася само па сабе! На сто адсоткаў.

— Урэшце, калi вам калi-небудзь штосьцi спатрэбiцца — рэкамендацыя цi якая-небудзь дапамога — не вагайцеся. Паслуга за паслугу. Мы маем пэўныя сувязi.

Гэтымi словамi Керфаўэ кампенсаваў няпэўную маральную перавагу Ганзага i аднавiў здаровыя сацыяльныя адносiны.

— Яшчэ раз дзякуй, мой дружа!

I, не зважаючы больш на Ганзага, ён бесцырымонна прадаўжаў.

— Прабачце мне, Эвiта, я выйду патэлефанаваць. Я паеду ў Салёнь паслязаўтра. А сёння ўвечары…

Ганзаг, якi ўжо падыходзiў да дзвярэй, уважлiва прыслухаўся.

— …Сёння ўвечары мы пойдзем у тэатр.

— Да пабачэння, панове! — сказаў Ганзаг, неяк хiтра расцягнуўшы апошняе слова.

Абое Керфаўэ зняважлiва кiўнулi.

* * *

Наступнага дня, прыблiзна ў гэты самы час Ганзаг сядзеў за столiкам кавярнi перад цэлым стосам сподкаў — адпаведна лiку выпiтых шклянак — i дзесяты раз перачытваў рубрыку апошнiх падзей у паўдзённым выпуску «Пары-Прэс». Праўду кажучы, ён нават не чытаў, а расказваў яе на памяць, бо ўжо не вельмi добра бачыў:

«ПРАЗМЕРНАЯ СУМЛЕННАСЦЬ! — У адсутнасць пана i панi дэ Керфаўэ нехта невядомы прабраўся сёння ноччу ў iхнюю кватэру на авеню Анры-Мартэн i ўкраў каштоўнасцяў на вялiкую суму. Знiкла таксама шмат грошай, якiя пан дэ Керфаўэ пакiнуў у скрынцы сакрэтнiка.

Цiкавая падрабязнасць: ранiцай таго ж дня пан дэ Керфаўэ згубiў бумажнiк з гэтымi грашыма на плошчы Iталi. Бумажнiк быў вернуты нейкiм маладым чалавекам, якi адмовiўся ад узнагароды i знiк, не назваўшы нават свайго прозвiшча. Камiсар Цюмань, якому даручана весцi следства, мае сумненне адносна шчырасцi гэтага сумленнага ўчынку, якi мог з'явiцца нагодай для азнаямлення з укладам кватэры…»