Читать «Сумленны ўчынак» онлайн - страница 9
Эрве Базен
Ганзаг убачыў, што тоўстая Эвiта пачынае ўсмiхацца. Ды ён сам разявiў рот ад захаплення! Каб зручней было хлусiць, Керфаўэ выкарыстоўваў i праўду. Ну, вядома, ён згубiў бумажнiк, купляючы кветкi, але кветкi былi не ёй. Аднак выдатны Вiльям iмправiзаваў з красамоўнасцю, якая сведчыла пра добрую падрыхтоўку:
— Я спяшаўся… У апошнi момант я заўважыў, што не ўзяў буйнога шроту. Прыкрая хiба, бо мне маглi патрапiцца дзiкi. Зброевыя крамы адчынялiся пазней, i я вырашыў, зрабiўшы круг, заехаць у Шуазi, дзе жыве гэты заўзяты паляўнiчы, вы яго ведаеце — мой кузен Ражэ… Я спадзяваўся пазычыць у яго некалькi патронаў. Мне здалося, што з майго боку будзе далiкатна, калi я запасуся букетам ягонай жонцы…
Заблытаўшыся ў сваiх меркаваннях, шчаслiвая таўстуха расплылася ва ўсмешцы. Яе невычарпальны муж заводзiў сваё апавяданне яшчэ далей, каб яго ўжо нельга было праверыць.
— Добра, што мне ў галаву прыйшла думка набраць бензiну каля Шуазi. I яшчэ лепш, што я сунуў руку ў кiшэню перш, чым мяне абслужылi. Во б меў я тады выгляд!
Апраўданы i нявiнны Керфаўэ добра ведаў, што любы каментарый сапсуе яго легенду. Таму ён павярнуўся да Ганзага i, не даючы нiкому i рота разявiць, загаварыў саладжавым голасам:
— Сапраўды, пане, я i не ведаю, як вам аддзячыць. Страта грошай, чорт iх бяры, — справа не смяротная. Страта папер — гэта ўжо горш, але заўсёды можна атрымаць дублiкаты. Аднак самы каштоўны мне сам бумажнiк. Ёсць падарункi, якiя…
Ён не скончыў фразы i з пяшчотай паглядзеў на жонку. Тая сцiпла прабуркавала:
— Мой дарагi!
Ганзаг хмурнеў. Керфаўэ быў майстар, але гэта было ўжо занадта. А жонка з усiмi яе грашыма была не хiтрэйшая за тых шлюх, якiя слухаюць развесiўшы вушы ўсялякага прайдзiсвета, якi абдзiрае iх да нiткi. Прыгожанькi дуэт! Проста чароўная сцэна, дзе невялiчкая роля адведзена яшчэ аднаму iдыёту, якi, як толькi напiўся, даў свайму анёлу-ахоўнiку ўвесцi сябе ў зман i пайшоў аддаваць грошы, якiя самому былi патрэбныя. Але што зроблена, тое зроблена. Чорт з iм! Аднак трэба было з гэтым канчаць. Ганзаг раптоўна запусцiў руку за пазуху, дастаў бумажнiк i падаў яго ўладальнiку, выцiснуўшы з глыбiнi горла:
— Вось ваша рэч! — Пасля, з пагардай: — Калi вы хочаце праверыць…
Ахвяра была прынесена. Не вельмi спяшаючыся, але i не марудзячы, Керфаўэ ўзяў сваю маёмасць, сунуў яе ў кiшэню i адказаў з трохi напышлiвай знявагай:
— О, я вам цалкам давяраю!
Наступiла маўчанне. Маўчанне, якое ахалоджвае недарэчны запал i нагадвае пра тое, што прыйшоў час развiтацца. Калi Керфаўэ загаварыў зноў, голас яго гучаў ужо не так урачыста.
— Яшчэ раз дзякую вам. Я не ведаю, што б мы маглi вам зрабiць, каб засведчыць нашую…
Слова «ўдзячнасць» так i не прагучала. Цi могуць багацце i раскоша быць удзячнымi рызманам? Удзячнасць заўсёды выказваецца па ўзыходнай лiнii, а не наадварот.