Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 33
Михаил Булгаков
Радасць загарэлася ў маленькiх вочках Штурман Жоржа, i яна сказала, змякчаючы сваё кантральта:
- Не трэба, таварышы, зайздросцiць. Лецiшч толькi дваццаць два, i будуецца яшчэ толькi сем, а нас у МАССАЛIЦе тры тысячы.
- Тры тысячы сто адзiнаццаць чалавек, - уставiў нехта з кута.
- Ну вось бачыце, - працягвала Штурман Жорж, - што ж рабiць? Натуральна, што лецiшчы атрымалi сама таленавiтыя з нас...
- Генералы! - напрасткi ўрэзаўся ў сварку Глухараў-сцэнарыст.
Бяскуднiкаў прытворна пазяхнуў i выйшаў з пакоя.
- Адзiн у пяцi пакоях у Пералыгiне, - услед яму сказаў Глухараў.
- Лаўровiч адзiн у шасцi, - крыкнуў Дзянiскiн, - i сталоўка дубам абабiта.
- Э-э, цяпер не ў гэтым справа, - прагудзеў Абабкаў, - а ў тым, што палова дванаццатай.
Пачаўся шум, наспявала нешта накшталт бунту. Пачалi тэлефанаваць у ненавiснае Пералыгiна, трапiлi не на тое лецiшча, да Лаўровiча, даведалiся, што Лаўровiч пайшоў на рэчку, i зусiм ад гэтага засмуцiлiся. Наўздагад патэлефанавалi ў камiсiю па прыгожай славеснасцi па дадатковым No 930 i, вядома, нiкога там не знайшлi.
- Ён мог бы i патэлефанаваць, - крычалi Дзянiскiн, Глухараў i Квант.
Ды крычалi яны марна: не мог Мiхаiл Аляксандравiч нiкуды болей патэлефанаваць. Далёка, далёка ад Грыбаедава, на трох цынкавых сталах ляжала тое, што яшчэ нядаўна было Мiхаiлам Аляксандравiчам.
На першым - голае, у засохлай крывi цела з перабiтаю рукою i раздушанаю грудзiнаю, на другiм - галава з выбiтымi зубамi, з памутнелымi расплюшчанымi вачыма, якiх не палохала болей моцнае святло, а на трэцiм - куча закарэлых ануч.
Ля абезгалоўленага стаялi: прафесар судовай медыцыны, патолагаанатам i яго празектар, прадстаўнiк следства i выклiканы па тэлефоне ад хворае жонкi намеснiк Мiхаiла Аляксандравiча ў МАССАЛIЦе - лiтаратар Жаўдыбiн.
Машына заехала па Жаўдыбiна i найперш, разам са следствам, адвезла яго (пад поўнач гэта было) на кватэру забiтага, дзе былi апячатаны яго паперы, а потым ужо ўсе паехалi ў морг.
Вось цяпер тыя, хто стаяў над нябожчыкам, раiлiся, як лепш зрабiць: цi прышыць адрэзаную галаву да шыi, цi выставiць цела ў грыбаедаўскай зале i проста акрыць яго чорным да самага падбародка.
Так, Мiхаiл Аляксандравiч нiкуды не мог патэлефанаваць, i таму дарэмна абуралiся i крычалi Дзянiскiн, Глухараў i Квант з Бяскуднiкавым. Роўна апоўначы ўсе лiтаратары пакiнулi верхнi паверх i сышлi ў рэстарацыю. Тут зноў нядобрым словам успомнiлi Мiхаiла Аляксандравiча: усе столiкi на верандзе, натуральна, былi ўжо занятыя, i давялося застацца вячэраць у гэтых прыгожых, але душных залах.
I роўна апоўначы ў адным з iх нешта моцна грукнула, зазвiнела, пасыпалася, заскакала. I адразу ж тоненькi мужчынскi голас адчайна закрычаў: "Алiлуйя!" Гэта ўрэзаў знакамiты грыбаедаўскi джаз. Пакрытыя потам твары нiбы засвяцiлiся, здалося, што ажылi на столi намаляваныя конi, у лямпах быццам пабольшала святла, i раптам, як з ланцуга сарвалiся, заскакалi абедзве залы, а за iмi i веранда.
Заскакаў Глухараў з паэтэсай Тамарай Паўмесяц, заскакаў Квант, заскакаў Жукопаў-раманiст з нейкаю кiнаактрысаю ў жоўтай сукенцы. Скакалi: Драгунскi, Чардакчы, маленькi Дзянiскiн з гiганцкай Штурман Жоржам, скакала прыгажуня архiтэктар Сямейкiна-Гал, моцна аблапленая невядомым у белых дзяружных штанах. Скакалi свае i запрошаныя госцi, маскоўскiя i прыезджы пiсьменнiк Ёган з Кранштата, нейкi Вiця Куфцiк з Растова, здаецца, рэжысёр, з лiловым лiшаём на ўсю шчаку, скакалi выдатнейшыя прадстаўнiкi паэтычнага падраздзела МАССАЛIТа, а менавiта Павiянаў, Багахульскi, Салодкi, Шпiчкiн i Адэльфiна Буздзяк, скакалi невядомых прафесiй маладыя людзi, стрыжаныя пад бокс, з падшытымi ватаю плячыма, скакаў нейкi пажылы з барадою, у якой засела пёрка зялёнае цыбулi, скакала з iм пажылая змарнаваная малакроўем дзяўчына ў аранжавай шаўковай пакамечанай сукеначцы.