Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 25

Михаил Булгаков

Мiхаiл Аляксандравiч падаўся назад, але супакоiў сябе тым, што гэта недарэчнае супадзенне i што цяпер няма часу на роздум.

- Турнiкет шукаеце, грамадзянiн? - надтрэснутым тэнарам пацiкавiўся клятчасты тып. - Сюды, калi ласка! Проста i выйдзеце куды трэба! З вас бы за падказку на чвэрць лiтра... падлячыцца... былому рэгенту! - суб'ект, крыўляючыся, наводмаш зняў сваю жакейскую шапачку.

Берлiёз не стаў слухаць пабiрушку i крыўляку рэгента, падбег да турнiкета, узяўся за яго рукою. Ён павярнуў яго i збiраўся ўжо ступiць на рэйкi, як у твар пырснула чырвоным i белым святлом: у шкляной скрынцы засвяцiўся надпiс: "Сцеражыся трамвая!"

Адразу ж падляцеў трамвай, якi заварочваў на новую лiнiю з Ермалаеўскага на Бронную. Як толькi завярнуў i выйшаў на прамую, раптоўна асвятлiўся ўнутры электрычнасцю, узвыў i дадаў ходу.

Асцярожны Берлiёз, хоць i стаяў у бяспечным месцы, вырашыў вярнуцца за рагатку, пераклаў руку на вяртушцы, ступiў крок назад. I ў гэтае iмгненне рука яго сарвалася, нага няўмольна, як на лёдзе, слiзганула па бруку да рэек, другую нагу падкiнула, i Берлiёз вылецеў на рэйкi.

Берлiёз стараўся за што-небудзь ухапiцца, упаў дагары, злёгку ўдарыўся патылiцай аб каменне, i ўспеў угледзець увышынi, але справа цi злева, ён ужо не запомнiў, - пазалочаную поўню. Ён паспеў перавярнуццца на бок, iмклiва падцягнуў ногi да жывата i, пасля таго як павярнуўся, угледзеў, як iмчыць на яго з нястрымнаю сiлаю зусiм белы ад жаху твар жанчыны-вагонаважатай i яе чырвоную павязку. Берлiёз не паспеў ускочыць, але вакол яго адчайнымi жаночымi галасамi завiшчала ўся вулiца. Важатая рванула за электрычны тормаз, вагон сеў носам у зямлю, пасля iмгненна падскочыў, з грукатам i звонам з вокнаў пасыпалася шкло. Тут у мазгах у Берлiёза нехта адчайна крыкнуў: "Няўжо?.." Яшчэ раз, ужо апошнi раз, мiльганула поўня, якая развальвалася на кавалкi, i потым стала цёмна.

Трамвай накрыў Берлiёза, i пад агароджу Патрыярхавае алеi выкiнула на брукаваны каменны адхон круглы цёмны прадмет. Ён скацiўся з гэтага адхону i заскакаў па бруку Броннае.

Гэта была адрэзаная галава Берлiёза.

Раздзел 4

ПАГОНЯ

Сцiхлi iстэрычныя жаночыя крыкi, перасталi свiдраваць паветра мiлiцэйскiя свiсткi, дзве санiтарныя машыны павезлi: адна - абезгалоўленае цела i адрэзаную галаву ў морг, другая - параненую асколкамi шкла прыгожую важатую; дворнiкi ў белых фартухах прыбралi асколкi шкла i засыпалi пяском крывавыя лужы, а Iван Мiкалаевiч, як упаў на лаўцы, не дабегшы да турнiкета, гэтак i застаўся на ёй.

Некалькi разоў ён спрабаваў устаць, але ногi не слухалiся, - з Бяздомным здарылася нешта накшталт паралiча.

Паэт кiнуўся бегчы да турнiкета, як толькi пачуў крык, i бачыў, як галава падскоквала, кацiлася па бруку. Ён гэтак спалохаўся, што ўпаў i кусаў рукi да крывi. Пра звар'яцелага немца ён, вядома, забыўся i стараўся зразумець толькi адно, як гэта можа быць, што вось толькi што ён гаварыў з Берлiёзам, а праз хвiлiну - галава...