Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 24
Михаил Булгаков
- Адзiн, адзiн, я заўсёды адзiн, - горка адказаў прафесар.
- А дзе ж вашы рэчы, прафесар? - даверлiва дапытваўся Берлiёз. - У "Метраполi"? Дзе вы спынiлiся?
- Я? Нiдзе, - адказаў звар'яцелы немец, сумна i дзiка блукаючы позiркам па Патрыярхавых сажалках.
- Як? А... дзе вы будзеце жыць?
- У вашай кватэры, - раптам нахабна адказаў вар'ят i падмiргнуў.
- Я... я вельмi рады, - замармытаў Берлiёз, - але, паверце, вам у мяне будзе нязручна... А ў "Метраполi" цудоўныя нумары, гэта першакласны гатэль...
- А д'ябла таксама не iснуе? - раптам весела папытаўся ў Iвана Мiкалаевiча хворы.
- I д'ябла...
- Не пярэч! - аднымi губамi шапнуў Берлiёз, адкiнуўся за плечы прафесара i паказваў на мiгах.
- Ды няма нiякага д'ябла! - закрычаў зусiм неўпапад Iван Мiкалаевiч, разгубiўшыся ад усяго гэтага. - Вось насланнё! Хопiць вам псiхаваць!
Тут вар'ят зарагатаў гэтак, што з лiпы над галовамi субяседнiкаў вылецеў верабей.
- Ну, гэта ўжо i сапраўды цiкава, - трасучыся ад рогату, гаварыў прафесар, - што ж гэта ў вас, за што нi вазьмiся - няма, нiчога няма! - Ён перастаў рагатаць раптоўна, як i бывае пры псiхiчнай хваробе, пасля смеху даўся ў другую крайнасць - крыкнуў сурова i злосна: - Значыць, усё ж няма?
- Супакойцеся, супакойцеся, супакойцеся, прафесар, - мармытаў Берлiёз, каб болей не хваляваць хворага, - вы пасядзiце тут хвiлiнку з таварышам Бяздомным, а я толькi збегаю да перакрыжавання, дзынкну па тэлефоне, а потым мы вас i павядзём туды, куды вы хочаце. Вы ж не ведаеце горада...
Берлiёзаў план варта прызнаць правiльным: трэба было дабегчы да блiжэйшага тэлефона i паведамiць у замежнае бюро пра тое, што прыезджы з-за мяжы кансультант сядзiць на Патрыярхавых сажалках у зусiм ненармальным стане. Дык вось, неабходна прыняць меры, а то атрымлiваецца нейкае непрыемнае глупства.
- Патэлефанаваць? Ну, што ж, патэлефануйце, - сумна згадзiўся хворы i раптам горача папрасiў: - Але малю вас на развiтанне, паверце хаця таму, што ёсць д'ябал! Пра большае я ўжо не прашу. Майце на ўвазе, што на гэта ёсць сёмы доказ, i ён сама надзейны! I зараз вам ён будзе паказаны.
- Добра, добра, - з фальшываю ласкавасцю сказаў Берлiёз, падмiргнуў засмучанаму паэту, якому зусiм не хацелася вартаваць звар'яцелага немца, i памчаў да таго выхаду з Патрыярхавых, якi знаходзiцца на рагу Броннае i Ермалаеўскага завулка.
А прафесар адразу ж зрабiўся здаровым i вясёлым.
- Мiхаiл Аляксандравiч! - крыкнуў ён наўздагон Берлiёзу.
Той здрыгануўся, азiрнуўся, але супакоiў сябе тым, што iмя яго i iмя па-бацьку вядомы прафесару таксама з газеты. А прафесар крыкнуў, склаўшы рукi рупарам:
- Цi не загадаеце неадкладна адбiць тэлеграму вашаму дзядзьку ў Кiеў?
I зноў перасмыкнула Берлiёза. Адкуль вар'ят ведае пра яго кiеўскага дзядзьку? Пра гэта ж у газетах не сказана. Эге, цi не праў тут Бяздомны? А калi дакумент лiпавы? Вой, дзiўны суб'ект. Тэлефанаваць, тэлефанаваць! Яго хутка высветляць!
Берлiёз пабег далей, нi да чога болей не прыслухоўваючыся.
I тут ля самага выхаду на Бронную з лаўкi насустрач рэдактару ўстаў якраз гэтакi ж самы грамадзянiн, што тады ў сонечным святле вылепiўся з тлустае спякоты. Толькi цяпер ён быў ужо не паветраны, а звычайны, плоцкi, i ў прыцемку Берлiёз добра разгледзеў, што вусiкi ў яго як курынае пер'е, вочкi маленькiя, iранiчныя i п'янаватыя, а штаны клятчастыя, падцягнутыя гэтак, што вiдаць брудныя белыя шкарпэткi.