Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 23
Михаил Булгаков
Вада ў сажалцы пачарнела, i лёгкая лодачка плыла ўжо па ёй, i чуўся плёскат вясла i смяшок нейкае гараджаначкi ў лодачцы. На алеях на лавачках з'явiлася публiка, але на ўсiх трох баках квадрата, акрамя таго боку, дзе былi нашы субяседнiкi.
Неба над Масквою быццам вылiняла, i зусiм выразна была вiдаць увышынi поўня, яшчэ не залатая, а толькi белая. Дыхаць стала намнога лягчэй, i галасы пад лiпамi цяпер гучалi мякчэй, па-вечароваму.
"Як жа гэта я не заўважыў, калi ён паспеў сплесцi цэлы расказ? - падумаў Бяздомны здзiўлена, - вось ужо i вечар! А можа, гэта i не ён мне расказваў, а я заснуў i ўсё мне саснiлася?"
Але трэба думаць, што ўсё ж расказваў прафесар, бо тое ж самае саснiлася i Берлiёзу, i той сказаў, уважлiва ўглядаючыся ў твар незнаёмца.
- Расказанае вамi надзвычай цiкава, прафесар, хаця гэта зусiм не супадае з евангельскiмi апавяданнямi.
- Злiтуйцеся, - паблажлiва адазваўся з усмешкаю прафесар, - каму-каму, а вам трэба ведаць, што нiчога з таго, што напiсана ў Евангеллi, не было на самай справе нiколi, i калi мы пачнём спасылацца на Евангелле як на гiстарычную крынiцу... - ён яшчэ раз усмiхнуўся, i Берлiёз асекся, таму што лiтаральна тое ж самае ён гаварыў Бяздомнаму, калi iшоў з iм па Броннай да Патрыярхавых сажалак.
- Гэта правiльна, - заўважыў Берлiёз, - але баюся, што нiхто не можа пацвердзiць, што i тое, пра што вы нам расказалi, адбывалася на самай справе.
- Э, не! Гэта можа хто пацвердзiць! - на ломанай мове надзвычай упэўнена адказаў прафесар i нечакана таямнiча паклiкаў абодвух сябрукоў блiжэй да сябе.
Тыя нахiлiлiся да яго з абодвух бакоў, i ён сказаў, але ўжо без усякага акцэнту, якi ў яго бог ведае чаму то з'яўляўся, то знiкаў:
- Справа ў тым... - тут прафесар спалохана азiрнуўся i загаварыў шэптам, што я сам прысутнiчаў пры ўсiм гэтым. I на балконе быў у Понцiя Пiлата, i ў садзе, калi ён з Каiфам размаўляў, i на памосце, але таемна, iнкогнiта, як гаворыцца, таму прашу вас - нiкому нi слова i поўны сакрэт!.. Цiха!..
Запанавала маўчанне, i Берлiёз пабялеў.
- Вы... вы колькi ў Маскве? - спытаўся, i голас у яго задрыжаў.
- А я толькi што, хвiлiну назад у Маскву прыехаў, - разгублена адказаў прафесар, i толькi тут сябры змаглi як след разгледзець яго вочы i пераканацца ў тым, што левае, зялёнае, зусiм вар'яцкае, а правае - пустое, чорнае i мёртвае.
"Вось усё i стала зразумела! - падумаў Берлiёз спалохана. - Прыехаў вар'ят немец цi толькi што звар'яцеў тут, на Патрыярхавых сажалках. Вось якая гiсторыя!"
Сапраўды, усё тлумачылася вельмi проста: i дзiўны сняданак у прафесара Канта, i дзiвацкiя прароцтвы наконт алею i Анечкi, i прароцтва пра тое, што галава будзе адрэзана, i ўсё астатняе - прафесар быў вар'ят.
Берлiёз адразу ж зразумеў, што трэба зрабiць. Ён адкiнуўся на спiнку, за плячыма ў прафесара замiргаў Бяздомнаму - не спрачайся, маўляў, - але разгублены паэт гэтых сiгналаў не зразумеў.
- Так, так, так, - узбуджана гаварыў Берлiёз, - мiж iншым, усё гэта магчыма! Вельмi нават магчыма, i Понцiй Пiлат, i балкон, i ўсё астатняе. А вы адзiн прыехалi цi з жонкаю?