Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 234

Михаил Булгаков

Сцёпу Лiхадзееву больш не даводзiлася гаварыць па тэлефоне з Вар'етэ. Яго неадкладна пасля бальнiцы, дзе ён прабыў восем дзён, перакiнулi ў Растоў, там ён атрымаў накiраванне на пасаду загадчыка вялiкай гастранамiчнай крамы. Ходзяць чуткi, што ён зусiм перастаў пiць партвейн i п'е толькi гарэлку, якая настоена на смародзiнавых пупышках i таму намнога паздаравеў. Гавораць яшчэ, што стаў маўклiвым i абмiнае жанчын.

Выгнанне Сцяпана Багданавiча з Вар'етэ не прынесла тае радасцi Рымскаму, пра якую ён гэтак прагна марыў некалькi гадоў. Пасля лякарнi i Кiславодска зусiм дзядок, у якога трэслася галава, фiндырэктар падаў заяву аб звальненнi з Вар'етэ. Цiкава, што нават гэту заяву прывезла ў Вар'етэ жонка Рымскага. Сам Рыгор Данiлавiч не адважыўся нават удзень пабыць у тым будынку, дзе бачыў ён асветленае месяцам трэснутае шкло ў акне i доўгую руку, якая даставала да нiжняга шпiнгалета.

Пасля звальнення з Вар'етэ фiндырэктар паступiў у дзiцячы лялечны тэатр у Замаскварэччы. У гэтым тэатры яму ўжо не давялося па справах акустыкi сутыкацца з Аркадзiем Апалонавiчам Семпляяравым. Таго як бач перакiнулi ў Бранск i прызначылi загадчыкам грыбанарыхтоўчага пункта. Ядуць цяпер масквiчы салёныя рыжыкi i марынаваныя баравiчкi i не нахваляць iх, i надзвычай рады гэтай перастаноўцы. Справа былая, i можна сказаць, што не было ладу ў Аркадзiя Апалонавiча з гэтай акустыкай, i як ён нi стараўся палепшыць яе, яна была гэтакая, як i раней.

Да асоб, якiя адхрысцiлiся ад тэатра, акрамя Аркадзiя Апалонавiча, трэба аднесцi i Мiканора Iванавiча Босага, хаця той нiяк i не быў звязаны з тэатрам, акрамя любовi да бясплатных бiлетаў. Мiканор Iванавiч не толькi не ходзiць нi ў якi тэатр нi за грошы, нi дарэмна, але нават з твару мяняецца, калi заходзiць гаворка пра тэатр. I не меней, чым тэатр, а нават болей узненавiдзеў ён паэта Пушкiна i таленавiтага артыста Саву Патапавiча Куралесава. Таго гэтак, што калi ўгледзеў у мiнулым годзе ў газеце абмаляваную чорным аб'яву, што Сава Патапавiч раптоўна памёр у самым росквiце, - Мiканор Iванавiч зарадаваўся так, што ад радасцi ледзь не адправiўся следам за Савам Патапавiчам i зароў: "Гэтак яму i трэба!" Нават болей, у той самы вечар Мiканор Iванавiч, якога смерць артыста навяла на многiя цяжкiя ўспамiны, адзiн, на пару з поўняю, якая асвятляла Садовую, страшэнна напiўся. I з кожнаю выпiтаю чаркаю доўжыўся ланцуг ненавiсных асоб, i былi ў гэтым ланцугу Дунчыль Сяргей Герардавiч, i прыгажуня Iда Геркуланаўна, i той рыжы гаспадар байцоўскiх гусей, i шчыры Канаўкiн Мiкалай.

Ну, а што здарылася з тымi? Злiтуйцеся! Нiчога з iмi не здарылася ды i здарыцца не магло, бо iх нiколi не было, як не было сiмпатычнага канферансье, i самога тэатра, i старое скупое Парахоўнiкавае цёткi, якая згнаiла валюту ў пограбе, i залатых труб не было, i нахабных кухараў. Усё гэта толькi снiлася Мiканору Iванавiчу пад уплывам нягоднiка Кароўева. Адзiны жывы чалавек, якi ўлез у гэты сон, менавiта i быў толькi Сава Патапавiч - артыст, i ўплёўся ён толькi таму, што засеў у памяцi ў Мiканора Iванавiча з-за таго, што часта выступаў па радыё. Гэты быў, а астатнiх не было.