Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 236
Михаил Булгаков
Ён праходзiць паўз нафтакрамку, заварочвае там, дзе пахiлены стары газавы лiхтар, падкрадаецца да рашоткi, за якою раскошны, яшчэ голы сад, а ў iм пафарбаваны поўняю з таго боку, дзе выступ з акном на тры рамы, i цёмны з другога боку - гатычны асабняк.
Прафесар не ведае, што цягне яго да рашоткi i хто жыве ў гэтым асабняку, але ведае, што працiвiцца пры поўнi не мае сэнсу. Акрамя таго, ён ведае, што ў садзе, за рашоткаю, ён убачыць адно i тое.
Ён убачыць на лаўцы пажылога i салiднага чалавека з бародкаю, у пенснэ i з крыху парасячым аблiччам. Iван Мiкалаевiч заўсёды застае гэтага жыхара асабняка, якi з выглядам летуценнiка таксама глядзiць на поўню. Iвану Мiкалаевiчу вядома, што, налюбаваўшыся поўняй, чалавек абавязкова перавядзе позiрк на вокны на другiм паверсе i будзе глядзець у чаканнi, што яны адчыняцца, i на падаконнiку з'явiцца нешта незвычайнае.
Усё, што будзе потым, Iван Мiкалаевiч ведае на памяць. Цяпер трэба лепей схавацца за рашоткаю, бо мужчына пачне круцiць галавою ў бакi, туманлiвым позiркам штосьцi шукаць у паветры, захоплена ўсмiхацца, а потым раптам усплясне рукамi ад нейкага салодкага суму, а потым даволi моцна будзе мармытаць:
- Венера!.. Венера! Ай, якi я дурань!..
- Божа! Божа! - пачынае шаптаць Iван Мiкалаевiч за рашоткаю i неадрыўна глядзiць на таямнiчага незнаёмца. - Вось яшчэ адна ахвяра поўнi... Так, гэта яшчэ адна ахвяра, гэтакая, як i я.
А мужчына будзе гаварыць далей:
- Ай я дурань! Чаму, чаму я не паляцеў з ёй? Чаго спалохаўся, стары асёл? Паперку выпiсаў! Цярпi, цярпi цяпер, стары ёлупень!
Гэтак будзе працягвацца да таго часу, пакуль не грукне акно на нiжнiм паверсе ў асабняку, там, дзе цёмна, не з'явiцца ў iм нешта белаватае i не пачуецца непрыемны жаночы голас:
- Мiкалай Iванавiч, дзе вы? I што за выдумка! Малярыi хочаце? Iдзiце гарбату пiць!
Мужчына, вядома, ачнецца i адкажа прытворным голасам:
- Паветрам, паветрам хачу падыхаць, душачка мая! Вельмi ж паветра добрае!
Ён устае з лаўкi, крадком грозiць кулаком акну i валачэцца дадому.
- Хлусiць ён, хлусiць, божа, як ён хлусiць! - мармыча Iван Мiкалаевiч i адыходзiць ад рашоткi. - Не паветра вабiць яго ў сад. Ён бачыць у гэтую пару нешта на месяцы i ў акне. Дорага заплацiў бы я, каб ведаць, якую Венеру ён страцiў i цяпер марна ловiць у паветры рукамi, шукае яе?
I вяртаецца прафесар дадому зусiм хворым. Жонка прытвараецца, што не заўважае гэтага, падганяе яго легчы спаць. Але сама яна не кладзецца, глядзiць горкiмi вачыма на соннага. Яна ведае, што досвiткам Iван Мiкалаевiч прачнецца з пакутлiвым крыкам, пачне плакаць i кiдацца. Таму i ляжыць ля лямпы перад ёй пад сурвэткаю прыгатаваны шпрыц у спiрце i ампула густога гарбатнага колеру.
Бедная жанчына, звязаная з цяжка хворым, цяпер свабодная i можа не хвалявацца, можа спакойна заснуць. Iван Мiкалаевiч пасля ўколу будзе спаць спакойна са шчаслiвым тварам i снiць невядомыя ёй сны, узнёслыя i шчаслiвыя.