Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 21

Михаил Булгаков

Урэшце Пiлат узышоў на памост. Ён мiжволi сцiскаў у руцэ спражку i глядзеў прыплюшчана. Прыплюшчваўся Пiлат не толькi таму, што сонца сляпiла вочы, не! Ён не хацеў чамусьцi бачыць асуджаных, якiх, а ён гэта добра ведаў, зараз следам за iм узводзяць на памост.

Ледзь толькi белы плашч з барвовым падбоем узнiк увышынi на каменным уцёсе над краем людскога мора, Пiлату ўдарыла ў вушы хваля: "Га-а-а..." Яна пачалася цiха, нарадзiлася недзе ўдалечынi, ля гiпадрома, потым стала грамавой, пратрымалася некалькi секунд i пачала ападаць. "Убачылi мяне", - падумаў пракуратар. Хваля не зацiхла зусiм, а нечакана пачала зноў уздымацца i, разгойдваючыся, паднялася вышэй, чым першая, i на другой хвалi, як на марской закiпае пена, ускiпеў свiст i асобныя, праз гром адметныя жаночыя стогны. "Гэта iх вывелi на памост... - падумаў Пiлат, - а стогны таму, што задушылi некалькi жанчын, калi натоўп падаўся наперад".

Ён счакаў крыху, бо ведаў, што нiякая сiла не можа прымусiць замоўкнуць натоўп, пакуль ён сам не сцiхне, не выдыхне ўсё, што сабралася ў iм.

I калi гэтае iмгненне настала, пракуратар выкiнуў уперад правую руку, i апошнi шум быццам садзьмула з натоўпу.

Тады Пiлат удыхнуў як мага гарачага паветра ў грудзi i закрычаў, i ахрыплы яго голас панесла над тысячамi галоў:

- Iмем кесара iмператара!

Тут яму па вушах ударыў некалькi разоў металiчны крык - у кагортах, выкiнуўшы ўгору пiкi i значкi, страшна закрычалi салдаты:

- Няхай жыве кесар!

Пiлат падняў голаў i ўткнуў яе проста ў сонца. Пад павекамi ў яго ўспыхнуў зялёны агонь, ад яго загарэлiся мазгi, i над натоўпам паляцелi хрыплыя арамейскiя словы:

- Чацвёра злачынцаў, арыштаваных у Ершалаiме за забойства, падбухторванне да паўстання i зневажанне закону i веры, асуджаны на ганебнае пакаранне павешанне на слупах! I гэтае пакаранне зараз адбудзецца на Лысай Гары! Iмёны злачынцаў - Дзiсмас, Гестас, Вар-раван i Га-Ноцры. Вось яны перад вамi!

Пiлат паказаў рукой управа, хоць i не бачыў нiякiх злачынцаў, але ведаў, што яны тут, што яны на тым месцы, дзе iм i належыць быць.

Натоўп адказаў доўгiм гулам не то здзiўлення, не то палёгкi. Калi ён патух, Пiлат працягваў:

- Але пакараны будуць толькi трое, бо ў адпаведнасцi з законам i звычаем, у гонар свята Пасхi аднаму з асуджаных, па выбару Малога Сiнедрыёна i са згоды рымскае ўлады, велiкадушны кесар iмператар вяртае яго нiкчэмнае жыццё!

Пiлат выкрыкваў словы i адначасова чуў, як на змену вялiкаму гулу iдзе вялiкая цiшыня. Цяпер нi ўздыху, нi шолаху не далятала да яго вушэй, i нават наступiла iмгненне, калi Пiлату здалося, што ўсё навокал наогул знiкла. Ненавiсны яму горад вымер, i толькi ён адзiн стаiць, гарыць ад промняў, упёршыся лбом у неба. Пiлат яшчэ прытрымаў цiшыню, а потым пачаў выкрыкваць:

- Iмя таго, каго зараз пры вас адпусцяць на волю...

Ён яшчэ раз замоўк, правяраў, цi ўсё сказаў, таму што ведаў, што мёртвы горад уваскрэсне пасля вымаўленага прозвiшча шчаслiўчыка i нiякiх больш слоў нельга будзе пачуць.