Читать «Калiнiшын зяць (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Аркадий Чернышевич

- Кажаш, сена, - прамовiў ён, зiрнуўшы на Рамана. - У Калiнiхi, выбачай, у тваёй цешчы, павiнна быць сена. Яна ж i ў ляснiцтве нямала накасiла. Ты, вядома, гэтага не ведаеш, увосень толькi з армii вярнуўся, а ў нас шмат гутаркi было праз гэтае сена. Парахня Стась ёй даў сенажаць, а Мiкiта Бычок касiў. У нас жнiво было, гарачы час, а твая нi адна ў поле не выйшла.

Раман пачырванеў.

- Ты тут, вядома, нi пры чым, аднак скажы мне, чаму твая жонка на работу не ходзiць? Што яна хварэе, цi што?

Не ведаў старшыня, што сам падказаў Раману, як выкруцiцца.

- Хварэе, Мiкалай Пятровiч.

- Гм. Дык ты лячы яе. Што гэта за жонка, калi хварэе. Маладая хварэе, а як пастарэе, тады што? Будзеш нi халасцяк, нi ўдавец.

- Павязу ў бальнiцу...

- Вязi. А наконт сена што табе сказаць. Не выпiшу я табе сена, а саломы калi ласка. Цэнтнера паўтара дадзiм. Сцяпан Андрэевiч, - сказаў бухгалтару, выпiшы Раману саломы.

Бухгалтар нарэшце ўзняў галаву, зiрнуў злоснымi калючымi вачыма i на Рамана, i на старшыню i забурчаў:

- Гэтым Калiнiхам вечна мала... Можа пшанiцы цэнтнеры два выпiсаць?..

- Пiшы, пiшы, Сцяпан Андрэевiч, - падагнаў яго старшыня i зноў звярнуўся да Рамана: - Скажы праўду, Раман, як ты прыжываешся на гэтым хутары?

- Пакрысе, Мiкалай Пятровiч...

- Пакрысе, кажаш. Глядзi, не ўкацiся ў гразь. Я тут год працую, але трохi ведаю пра тваю цяперашнюю сям'ю. Кепскае людзi гавораць...

Раман хацеў пярэчыць.

- Не крыўдуй. Я з табою па-таварыску гавару. Ведаю, што табе непрыемна. Ты, брат, перавыхоўвай iх. Вядзi сваю лiнiю i не паддавайся. А хутары мы хутка лiквiдуем. Цябе першага ў вёску перасялю. Згодзен?

- Згодзен!

- Ну дык трымайся.

Раман iшоў дамоў, i супярэчлiвыя думкi блыталiся ў яго галаве: "Лёгка гаварыць старшынi, - думаў ён. - А каб паставiў яго на маё месца..." Ён нёс у кiшэнi паперку на атрыманне саломы i загадзя ведаў, як абурыцца цешча, што не выпрасiў сена. Але, на вялiкае здзiўленне, цешча не абурылася, а ўзрадавалася.

- Саломы? - перапытала яна. - Паўтара цэнтнера! Ну малайчына, сынок! Подсцiлу няма, парсюкi i карова хутка ў гнаi будуць плаваць.

- Подсцiлу? - здзiўлена запытаў Раман. А ён думаў, што i сапраўды няма чым кармiць карову.

- Вядома ж подсцiлу, - адказала яму Калiнiха. - Без подсцiлу, сынок, i гною не будзе, а без гною на гародзе нiчога не вырасце.

Раман прамаўчаў, хоць у грудзях у яго ўсё кiпела.

- Рамано-ок! - гукнула яго Надзя. - Iдзi глянь, што я табе купiла!

Раман падышоў. Надзя трымала ў руках наручны гадзiннiк. Раман зiрнуў на яго, i яму здалося, што ён недзе бачыў гэты гадзiннiк з чорным цыферблатам i ружай вятроў.

- Дзе ты яго ўзяла?

- Купiла.

- У каго?

- Рамано-ок! Я ж не ўкрала... Чалавек прадаваў, а я купiла. Дай я надзену табе яго на руку.

- Не трэба.

- От якi ты! - пакрыўдзiлася Надзя. - Тады я яго схаваю.

Тым часам цешча паставiла на стол вячэру i выняла з шафы бутэльку.

- Iдзi вячэрай, сынок. Ды шклянку выпi. Ты сёння малайчына!