Читать «Калiнiшын зяць (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Аркадий Чернышевич

- Няшчасце! - Калiнiха злезла з печы. - У такiх п'янiц заўсёды няшчасце. Машыну п'яны разбiў, от няшчасце! Не бог жа яго пакараў, а сам сябе.

- Ён не п'яны быў! А п'янiц вы робiце, i вас трэба караць! Скуру з людзей здзiраеце за смярдзючую ваду.

- Ого! Якi ж ты разумны! Чуеш, Надзя? А якi ён пасаг да нас прынёс? Салдацкiя нагавiцы...

- Я працую, а вы!.. - Раман ужо не знаходзiў слоў. - Спекулянткi вы i зладзеi!..

- Чаму ж ты ў мiлiцыю са скаргай не хадзiў? Ты не гнаў самагонкi, не пiў, нiчога не ведаў? Можа цяпер пойдзеш?

- Пайду!

- Дык сам i сядзеш! Бо ты мужчына ў хаце, галава.

- Лепш у турме, чым у вашай хаце!

Раман пачаў складваць свае рэчы: касцюм, туфлi, палiто. Надзя сядзела i ўсхлiпвала. Калiнiха абыякава пазiрала, як збiраўся зяць. Раман склаў усё ў вузел i перацiснуў яго папругай.

- Алiменты буду плацiць, - сказаў ён, звяртаючыся да Надзi. "А можа астацца?" - варухнулася ў яго галаве думка. Але яму адказала Калiнiха:

- Алiменты! Змусiў жонку зрабiць аборт!.. I за гэта яшчэ адкажаш!

- Мама! - нема закрычала Надзя. - Маўчыце!

Раман пабялеў i скалануўся. Гэта быў апошнi ўдар.

- Т-ты скiнула дзiця? - твар яго скрывiўся, рукi сцiснулiся ў кулакi. Калi?

Надзя закрыла далонямi твар, нiбы Раман збiраўся яе ўдарыць.

- Як у мястэчку была... - адказала яна ўсхлiпваючы.

- Як у мястэчку была... - паўтарыў за ёю Раман. - Яшчэ восенню...

Цяпер яго нiшто не звязвала нi з гэтай хатай, нi з жонкай, i ён ступiў да дзвярэй. Але яго пераняла Калiнiха.

- Пачакай, голубе, - сказала яна, стаўшы каля парога. - Спачатку заплацi за тое, што мы цябе зiму кармiлi i паiлi.

- На! За харчы... i за дачку, што са мной спала!..

Раман шпурнуў свой вузел на падлогу i выйшаў. Ён крочыў напрасткi па вiльготнай раллi да гасцiнца i нi аб чым не думаў. На гасцiнцы закурыў. Пачало крыху праясняцца ў галаве. I першая думка, якая з'явiлася, уразiла яго сваёй нечаканасцю. "Хто вiнаваты?" Ён не мог спынiцца на ёй, бо занадта ўсё было растрэсена i ў думках, i ў адчуваннях. I раптам да яго данёсся голас:

- Рама-ан! Вярнiся, Рама-ан! Забяры сваё-о! Рама-ан!

"Надзя, - здагадаўся ён, але не спынiўся. - Нельга цяпер вяртацца, нельга!" - упарта паўтараў ён сам сабе, хоць ногi яго цягнула назад. Ён ведаў, што не ўсё скончана з гэтай жанчынай, якая клiча яго праз вiльготную цемень веснавой ночы, але адчуваў, што вярнуцца цяпер не мае права.

1955 г.